Суд Савецкага раёна Гомеля ў адзін дзень па загадзе Лукашэнкі №297 ад 26 чэрвеня застаўся без трох суддзяў, у тым ліку намесніка старшыні. Яшчэ раней, вясной 2014 года, быў затрыманы па падазрэнні ў карупцыйным злачынстве яшчэ адзін намеснік старшыні суда Савецкага раёна Гомеля – Юрый Жораў. Пакуль яго лёс невядомы.

Згодна ж загаду з фармулёўкай «па ўласным жаданні» вызвалены ад пасады Сяргей Шаўструк, Сяргей Уласаў і намеснік старшыні суда Віктар Купрацэвіч.

Таксама «па ўласным жаданні» вызвалены ад пасады суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксей Шамехін. Яго калега з Мазыра, намеснік старшыні раённага суда Іван Анташук звольнены з пасады з фармулёўкай «у сувязі са здзяйсненнем учынку, несумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». Які менавіта ўчынак здзейсніў ужо былы суддзя – традыцыйна не паведамляецца.

Дарэчы, былыя суддзі суда Савецкага раёна не раз каралі мясцовых апазіцыянераў суткамі і штрафамі за «брудную лаянку» і «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства».

Так, у сакавіку 2014 года суддзя Сяргей Шаўструк разглядаў адміністрацыйную справу ў дачыненні актывіста АГП Уладзіміра Шыцікава, які на дазволеным перад выбарамі ў мясцовыя Саветы пікеце трымаў плакат «Пуцінская Расія, ты звар'яцела». Суддзя прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і пакараў арыштам на 10 сутак. Гэты ж суддзя ў 2011 годзе разглядаў адміністрацыйную справу за «дробнае хуліганства» у дачыненні актывіста кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігара Случака.

Суддзя Віктар Купрацэвіч у 2011 годзе пакараў арыштам рэгіянальнага лідара АГП Васіля Палякова. Тады ж, восенню 2011 года, суддзя Сяргей Уласаў пакараў арыштам за знойдзеныя ў яго ўлёткі да «Народнага схода» грамадскага актывіста Іллю Міронава. Актывіст спрабаваў абскардзіць рашэнне раённага суду ў абласным, але суддзя Аляксей Шамехін (які зараз таксама звольнены «па ўласным жаданні») прызнаў судовую пастанову правамоцнай і не задаволіў скаргу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?