Ці краіны Эўрапейскага Саюзу пайдуць за прыкладам ЗШАў адносінах да рахункаў «Белнафтахіму»? Рахункі Мазырскага НПЗ былі замарожаныя толькі на адзін дзень, што прывяло кіраўніцтва прадпрыемства ў шок.

Праз тыдзень пасьля замарожваньня ЗША замежных рахункаў даччыных прадпрыемстваў «Белнафтахіму» экспэрты ня маюць пэўнасьці датычна эканамічных наступстваў санкцыяў.

Нагадаем, 13 лістапада Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла ўсе банкаўскія рахункі «Белнафтахіму», што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амэрыканскай кампаніі «Белнафтахім Ю-Эс-Эй». Амэрыканскім бізнэсмэнам прадпісалі ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

Беларускія ўлады адрэагавалі апэратыўна. 14 лістапада беларускае МЗС распаўсюдзіла заяву, што рашэньне ЗША парушае двухбаковыя дамоўленасьці, а таксама нормы міжнароднага права, ды запатрабаваў ад ЗША вярнуць арыштаваныя актывы іх уладальніку — «Белнафтахіму» — і зьняць усе абмежаваньні. Беларускі бок заявіў, што здымае з сябе адказнасьць за наступствы, якія можа пацягнуць гэтае рашэньне ЗША ў адносінах паміж суб’ектамі гаспадараньня дзьвюх краін. 15 лістапада намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Віктар Гайсёнак перадаў ноту пратэсту паслу ЗША ў Беларусі Карэн Сьцюарт. Пры гэтым афіцыйныя асобы адмовіліся паведаміць магчымыя эканамічныя наступствы дзеяньняў Мінфіну ЗША.

Незалежныя экспэрты найперш угледзелі ў санкцыях супраць «Белнафтахіму» палітычны сыгнал. Гэтую вэрсію пацьвердзіў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Дэвід Крэмэр, які заявіў, што «пакуль палітвязьні ня будуць вызваленыя, мы будзем вымушаныя рабіць такія крокі».

Аглядальнік эканамічнага тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак мяркуе, што санкцыі, у тым выглядзе, у якім яны ўведзеныя супраць беларускага канцэрну, не нясуць вялікай эканамічнай пагрозы айчыннай эканоміцы. «Аб’ём гандлю «Белнафтахіму» з ЗША ад пачатку году ацэньваецца ў $80 млн, у той час як за мінулы год канцэрн у суме зарабіў каля $6 млрд» — кажа Т. Манёнак. Па яе словах канцэрн не зьяўляецца суб’ектам гаспадараньня і ня мае рахункаў за мяжой. Зарэгістраванае сёлета ў ЗША даччынае прадпрыемства канцэрну яшчэ не мае рахункаў і не пачало працаваць. Даччыныя прадпрыемствы ў Расеі, Латвіі, Кітаі і Нямеччыне могуць пры жаданьні пераарыентавацца на разьлікі ў эўра, і такі варыянт ужо разглядаўся ў нафтахімічных кампаніях. Іншая рэч, калі б санкцыі закранулі непасрэдна прадпрыемствы канцэрну, мяркуе экспэрт. Паводле яе інфармацыі, рахункі Мазырскага НПЗ былі замарожаныя толькі на адзін дзень, што прывяло кіраўніцтва прадпрыемства ў шок. І ня дзіва. Нафтапрадукты займаюць каля 35 % ад агульнага аб’ёму экспарту і забясьпечваюць каля чвэрці падатковых збораў. Варта адзначыць, што на структуру экспарту не паўплывалі праблемы ў беларускай нафтахімічнай прамысловасьці, якія ўзьніклі ад пачатку году. Аднак, на думку спн. Манёнак, санкцыі ЗША малаэфэктыўныя, пакуль гэтая краіна будзе дзейнічаць без падтрымкі краінаў ЭС. А там, як зрэшты і ў ЗША, ня ўсе зацікаўленыя ў поўнамаштабных эканамічных санкцыяў у дачыненьні Беларусі. Беларускія кампаніі пакуль што ня могуць гандляваць непасрэдна краінам-спажыўцам: нафтапрадукты пастаўляюцца на караблі і там набываюцца дзела наступнага продажу ў ЗША. Таму ад санкцыяў пацерпяць таксама амэрыканскія кампаніі.

За досыць сымбалічнымі дзеяньнямі ЗША праглядаецца перасьцярога, што ўсё можа быць значна сур’ёзьней, кажа аглядальніца «БР».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?