Louisa Vinton

ААН і міжнародныя донары будуць згортваць гуманітарную дапамогу раёнам Беларусі, Расеі й Украіны, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы, сказала ў інтэрвію «РИА Новости» кіраўніца праектаў Праграмы разьвіцьця ААН для краін СНД Луіза Вінтон (Louisa Vinton).

«Міжнародная дапамога пачне менець на тле больш вострых сусьветных праблем, такіх як голад або катастрафічныя зьмены клімату. Раёны ў чарнобыльскай зоне сёньня не выглядаюць самымі хваравітымі на мапе сьвету, за два дзесяцігодзьдзі тут было зроблена дастаткова шмат», — сказала Вітон.

Яна адцеміла, што ўсе тры дзяржавы будуць змушаныя ў большай ступені абапірацца на ўласныя рэсурсы і праграмы.

Экспэрты ААН не змаглі пераканацца, што жыцьцё на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях небясьпечнае.

Генэральная асамблея ААН у панядзелак кансэнсусам ухваліла рэзалюцыю, якая пазначыла новы этап у гісторыі пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі раёнаў — дзесяцігодзьдзе рэабілітацыі і ўстойлівага разьвіцьця. Новы падыход мае на ўвеце зрушэньне акцэнтаў удзелу ад міжнароднай гуманітарнай дапамогі да нацыянальных бізнэс‑інвэстыцыяў, стварэньня «новых эканамічных магчымасьцяў» і новых працоўных месцаў.

Экспэрты ААН, якія займаюцца найбуйнейшымі праграмамі аказаньня падтрымкі пад эгідай ААН, не змаглі пераканацца, што жыцьцё на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях небясьпечнае для насельніцтва.

«Навука дагэтуль ня можа даць адказу багата на якія пытаньні, павязаныя з радыяцыяй. Аднак мы бачым, што нэгатыўныя зьмены на клеткавым узроўні адбываюцца як у пацярпелых раёнах Беларусі, так і не на забруджаных радыяцыяй. А сярэдні ўзровень жыцьця мужчын у Расеі складае 58 гадоў, і гэта ня мае ніякай сувязі з ЧАЭС», — сказала Вінтон.

Паводле ейных слоў, Беларусі, Расеі й Украіне патрэбная прапаганда «здаровага ладу жыцьця», а таксама псыхалягічная дапамога для пераадоленьня радыяфобіі.

«Нездаровы лад жыцьця, паленьне, алькагалізм маюць больш ясна выражаны нэгатыўны характар, чымсьці радыяцыя. Па сутнасьці, ёсьць толькі дзьве групы рызыкі, зьвязаныя з аварыяй, —«ліквідатары» і «маленькія на той момант дзеці, якія атрымалі апраменьваньне шчытападобнай залозы і лейкозы», — сказала Вінтон.

Паводле зьвестак ураду Белаурсі, у насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі з высокім узроўнем заражэньня цэзіем‑137, пэўна адзначана збольшаньне некаторых прыроджаных парокаў разьвіцьця й мутацый у параўнаньні з дааварыйным пэрыядам.

ААН ня мае дакладных зьвестак пра тое, колькі донарскіх сродкаў было выдаткавана на дапамогу тэрыторыям, накрытым радыеактыўным воблакам у 1986 годзе і толькі спрабуе падлічыць. Аднак экспэрты ААН перакананыя, што гаворка ідзе пра сотні мільярдаў даляраў, якія не заўжды былі выкарыстаныя эфэктыўна.

«Наўрад ці «другая хваля» адсяленьня з заражаных тэрыторый была апраўданая. Яна праводзілася хутчэй паводле палітычных папулісцкіх меркаваньняў уладаў», — лічыць Вінтон.

Паводле ейных словаў, пасьледкі тэхнагеннай катастрофы былі абцяжараныя «савецкім чыньнікам» — спробай уладаў схаваць сам факт выбуху ядравага рэактару, адсутнасьцю сыстэмы абвяшчэньня пра небясьпеку й тлумачэньня правілаў паводзінаў.


Cihan Sultanoglu

«Сёньня час пазбыцца мітаў пра радыяцыю і жыць у новых рэаліях з выкарыстаньнем заўсёднага кантролю за прадуктамі харчаваньня і дарамі прыроды», — сказала Вінтон.

Намесьніца памочніка адміністратара Праграмы разьвіцьця ААН (ПРААН) Джыхан Султанаглу (Cihan Sultanoglu) на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб‑кватэры ААН у Нью‑Ёрку заявіла ў той самы дзень, што пацярпелым раёнам час пераходзіць ад «культуры залежнасьці насельніцтва ад дапамогі звонку» да высілкаў па рэбілітацыі забруджаных тэрыторый.

26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, першай атамнай станцыі ва Ўкраіне, выбухнуў чацьверты энэргаблёк з сілай, эквівалентнай 500 бомбам, скінутым на Хірасіму. У выніку адбылося радыеактыўнае забруджваньне ў радыюсе 30 кілямэтраў. Забрудненымі сталіся 23% тэрыторыі Беларусі (46500 км²), 50000 км² тэрыторыі Ўкраіны і 19 расейскіх рэгіёнаў.

Паводле РИА Новости


Уладзімер Цалко

Намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Беларусі Ўладзімер Цалко падчас плянарнага паседжаньня ў ААН адзначыў, што жыцьцё ў пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі раёнах стабільна паляпшаецца. Тым ня менш, дагэтуль на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі жыве 1,3 мільёна чалавек.

Цалко паведаміў, што ў пацярпелых раёнах адзначаецца рост хваробаў шчытападобнай залозы. Зь сельскагаспадарчага звароту ў выніку аварыі выведзена 2640 км² зямлі, а ў зоне забруджваньня аказаліся 132 радовішчы карысных выкапняў.

«Гэтыя й іншыя праблемы кладуцца даволі адчувальным дадатковым цяжарам на гаспадарчы комплекс нашай краіны», — адзначыў прадстаўнік нашай краіны.

Цалко падкрэсьліў, што на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы па пераадоленьні наступстваў катастрофы на ЧАЭС зь бюджэту вылучаецца 1 мільярд 600 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, што дзяржава штодня накіроўвае на пераадоленьне наступстваў чарнобыльскай катастрофы 1 мільён даляраў.

Прадстаўнік Менску дадаў, што на сёньняшнім этапе асноўным элемэнтам міжнароднага супрацоўніцтва ў ліквідацыі наступстваў катастрофы ёсьць не аказаньне надзвычайнай гуманітарнай дапамогі, а комплексная рэабілітацыя забруджаных тэрыторый, якая ўключае ўзнаўленьне сацыяльна‑эканамічнай дзейнасьці, скіраванай на разьвіцьцё пацярпелых рэгіёнаў і гарантаваньне бясьпечнага жыцьця там людзей.

Паводле ЛIГАБiзнесIнформ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0