«Кладуць старца ў дамавіну, х*й тырчыць напалавіну» — гэта старажытная беларуская загадка, мяркуючы па якой нашых продкаў не назавеш народам сарамлівым. І так яно і было: эротыка і сэкс ішлі поруч з бытам, што і дэманструе вусная народная творчасць. А адгадку, дарэчы, вы знойдзеце ў тэксце.

Беларусы песнямі, прыпеўкамі, загадкамі суправаджалі любую значную падзею ў жыцці. І многія пярліны фальклору маюць падтэкст, заклікаючы не проста жыць паводле законаў прыроды, але і атрымліваць ад гэтага задавальненне: «Каб вы, дзетачкі, часта сеялісь, ды рэдка ўсхадзілі». Калі вы не здагадаліся, то прымаўка гэтая — пра бяспечны сэкс.

Мужчынскія сэкс-сімвалы

У беларускім эратычным фальклоры ёсць тры вобразы мача, якія сімвалізуюць мужчынскі пачатак. Гэта тры прафесіі, якія ўвасобілі народныя ўяўленні пра «боскае майстэрства»: яны, падобна Богу, здольныя былі ствараць жыццё.

Каваль — у фальклоры практычна сінонім слова «самец». Ганараваўся гэтай рэгалій за свае шырокія прадукцыйныя функцыі. Праца каваля, несумненна, нагадвае сэкс: удары магутнага молата — відавочны фалічны сімвал — па распаленым жалезе на гарачым кавадле, якое сімвалізуе жаночы пачатак, — у выніку якіх з'яўляецца выкаваны прадукт дзейнасці, г.зн. дзіця.

«Не той каваль, хто куе, а той, хто жонцы спаць не дае».

«Выганяй маці каваля з хаты, бо каваль малады хоча начаваці».

«— Ой, дочка мая, хто па сенях ходзе?— Ой, мамка мая, каваль каня водзе.Ці я яму не казала, ці не гаварыла,Не кладзіся са мной спаць, бо будзе Гаўрыла.А ён мяне не паслухаў, усе пры боку клаўся,Цяпер сама не знаю, скуль Гаўрыла ўзяўся».

Сталяр або Муляр — фальклорныя альфа-самцы, стваральнікі, не якія саступаюць Кавалю. Памятаеце гісторыю Бураціна? Яго стварыў мужчына-сталяр пры дапамозе даўгаватых вострых інструментаў — тыя ж фалічныя сімвалы. Муляр так моцна нідзе не засвяціўся, але згодна з фальклорнымі крыніцамі, здольны змяняць жанчын да непазнавальнасці, выкарыстоўваючы ўвесь свой крэатыў і інструменты даўгаватай формы. Вы ўжо зразумелі, пра што я.

«Не той столяр, не той муляр,
Што пры яснай свячы.
А той столяр, а той муляр,
Што па цемнай начы
Высталярываў, вымулярываў
Гутата, гуляля,
Усім суседачкам – гульня».

Араты. Атрымаў статус фальклорнага сэкс-сімвала, бо народ разгледзеў глыбокую паралель паміж ворывам, дзе многае залежыць ад чыста мужчынскіх здольнасцяў і вопыту аратага, і працэсам сукуплення. А якія яшчэ могуць быць асацыяцыі, калі ты бачыш, як жорсткі востры плуг плаўна ўваходзіць у сырую зямлю і робіць яе мяккай і падатліваю?

«Пайшоў жа Куземка землю пахаці, землю пахаці, росу выпускаці».

«А як мілая прышла, соха ў зямельку пашла».

Не заўсёды нашы продкі карысталіся мовай іншасказання: пры патрэбе назваць палавыя органы, часта называлі ўсё, як ёсць. З іншага боку, часта выкарыстоўвалі назвы мужчынскага палавога органа, каб апісаць навакольную рэчаіснасць. Да прыкладу, у загадку «кладуць старца ў дамавіну, х*й тырчыць напалавіну», гаворка ідзе пра грыб, што патрапіў у кош.

Жанчыны і сэкс у беларускім фальклоры

Самыя звычайныя, на першы погляд, рэчы нашы прабабулі надзялялі эратычнай семантыкай і прыпісвалі ім цудадзейныя ўласцівасці. Са старажытнасці дайшлі да нас жаночыя хітрасці, якія, будзем верыць, за стагоддзі дапамаглі не адной беларусцы.

У пытаннях планавання сям'і мог дапамагчы звычайны фартух. Доўгі час ён быў рытуальным, сімвалічным і дэкаратыўным элементам касцюма. У фартуху не квасілі капусту і не смалілі гусака ў кухні. Вобласць на целе, якую ён закрываў і месца завязвання асацыяваліся з жаночымі геніталіямі. Фартух, можна сказаць, замяшчаў саму ідэю жанчыны, ідэю нараджэння. Ахвотным як мага хутчэй абзавесціся нашчадкамі давалі параду: «Калі першы раз выйсці вясною араць і знойдзены ў першай баразне першы каменьчык кінуць у фартух жанчыне — будзе мець у гэты год дзіця». Першы каменьчык, знойдзены вясной — як метафара вельмі актыўнага сперматазоіда, які трапіў у фартух — жаночае ўлонне.

Акрамя таго, фартух сімвалізаваў і дзявоцкую нявіннасць. Таму яго трэба было берагчы, і не дазваляць нікому дакранацца да гэтай інтымнай рэчы. Лічылася ганебным, калі да фартуха дакранецца мужчына ці хлопец.

«Я ўстала рана-рана,
Гляджу – фартук разарваны.
Гляджу-гляджу туды-сюды,
Ажно вецер усюды».

Хамут — у побыце гэта частка збруі, круглявы драўляны каркас з мяккім валікам на ўнутраным боку, што апранаюць на шыю каня. Гэтая рэч, у вясковым жыцці незаменная, зноў жа асацыяваліся з жаночым улоннем: «Бабская хамуціна ўвесь свет памуціла». Адсюль, відаць, і пайшоў выраз «захамутаць хлопца».

Лічылася, што пры дапамозе хамута можна было палегчыць родавыя пакуты. Калі аслабіць хамут на кані, то раскрыццё родавых шляхоў пройдзе без болю і роды будуць паспяховымі.

Сярод спосабаў зрабіць знешнасць больш эфектнай і павялічыць грудзі магла дапамагчы, як ні дзіўна, шапка. Доўгі час яна была выключна мужчынскім атрыбутам — жанчыны пакрывалі галаву хусткамі. Сярод беларускіх сялян была папулярная так званая магерка, дэмісезонная шапка з валянай воўны даўгаватай формы. Апрананне жанчынай шапкі ў нейкай ступені сімвалізавала блізкасць з мужчынам. Хутчэй за ўсё, нашы продкі асацыявалі па форме шапку з галоўкай пеніса.

Дзяўчатам строга забаранялася прымяраць мужчынскія шапкі — інакш «замуж ня пойдуць». Разам з тым дзяўчаткі-падлеткі націралі мужчынскай шапкай грудзі, каб тыя лепш і хутчэй раслі.

Нягледзячы на тое, што царква ва ўсе часы высмейвала вялікія жаночыя грудзі, малюючы блудніц на абразах «з тварамі страшнымі і грудзьмі велізарнымі», у жонкі ўсё роўна бралі дзевак дародных з бюстам вялікіх памераў. Да нашых дзён дайшоў рэцэпт зелля, нібыта які спрыяе павелічэнню грудзей аж да чацвёртага памеру: тры лыжкі жаночага малака, лыжка мёду, лыжка расліннага алею і кубак адвара мяты перачнай. Грудзі, кажуць, раслі на вачах.

Беларускі сэкс: дзякуй, што жывы

Царква, таталітарны рэжым, свецкія правілы, нормы маралі паслядоўна карэктавалі прадстаўленні беларусаў аб інтымным жыцці. З прыходам праваслаўя нават шлюбны сэкс стаў лічыцца грахоўным, за выключэннем «сукуплення дзеля зачацця», а ўжыванне слоў, звязаных з гэтым працэсам, — бесаўшчынай. У часы СССР словы «сэкс», «сэксуальнасць», «эротыка» былі сінонімамі крайняй (жывёльнай) палавой разбэшчанасці, распусты і псіхічных вычварэнстваў на гэтай глебе. І шмат у чым дзякуючы фальклору спрадвечныя ўяўленні аб беларускім сексе закансерваваліся, дайшоўшы да нас.

Сэксуальнасць асацыявалася ў нашых продкаў са святам, абавязковымі атрыбутамі якога былі смех, спевы і нейкае музычнае суправаджэнне. Таму беларускую культуру можна аднесці да тыпу прасэксуальных, гэта значыць, якія станоўча адносяцца да сэксу.

У беларусаў, як і ў многіх іншых народаў, сэксуальнасць лічылася касмічным пачаткам. У рамантычных песнях дождж апладняў Зямлю-маці. У старажытных рытуалах мужчыны сеялі лён без штаноў ці ж зусім без адзення, сімвалічна апладняючы зямлю. Жанчыны, каб выклікаць дождж падчас засухі, таксама ішлі ва-банк, задзіраючы падол і паказваючы небу свае геніталіі. Не менш экстравагантны, па сённяшніх мерках, рытуал здзяйснялі гаспадар з гаспадыняй падчас засева хлеба: займаліся каханнем проста на полі.

Беларуская сэксуальнасць выяўлялася ў вясёлых гуляннях. Эратычнай забавай лічыліся святочныя танцы: падчас скокаў агаляліся інтымныя месцы, якія, згодна з модай тых часоў, звычайна былі схаваныя ад позірку спадніцай, накідкай або кофтай. Гэтая забаўка папулярная і да нашага часу. Хіба што, рухі сталі больш плаўнымі і перамясціліся на танцполы начных клубаў, а спадніцы з кофтамі прыкметна страцілі ў даўжыні.

Дзіўна, што, будучы сучаснымі людзьмі, якія жывуць у XXI стагоддзі, мы чырванеем за пікантныя свавольствы продкаў, якія да прыняцця хрысціянства ў 988 годзе наогул не падумвалі аб якой-небудзь цэнзуры, абсалютна не саромеючыся прыроды натуральных рэчаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?