Дваццатую па ліку пілігрымку ладзяць сьвятары і вернікі грэка-каталікі, якія штогод выпраўляюцца зь Віцебску ў Полацак.

За чатыры дні яны дойдуць да полацкага Сафійскага сабора, дзе ў пачатку 18 стагоддзя адбыліся трагічныя падзеі — былі закатаваныя за веру пяцёра манахаў-базыльянаў, полацкіх пакутнікаў. А сёмай раніцы пад харугвамі і абразамі пілігрымы рушылі ад віцебскай грэка-каталіцкай царквы.

Пілігрымка ў гонар полацкіх пакутнікаў — гэта традыцыя, якая існуе ўжо дваццаць гадоў, і яшчэ ані разу не перарывалася. Але «юбілей» пілігрымы ніяк не адзначаюць, бо галоўнае для іх — ня гэта, тлумачыць віцебскі сьвятар айцец Зьміцер:

«Што дваццатая — гэта не прынцыпова, бо ў кожнай пілігрымцы важны сам працэс. Гэта штодзённая літургія, малітва супольная, малітва індывідуальная, выкладаньне нейкіх навук сьвятарамі ці сэмінарыстамі… Традыцыйна мы выходзім у сераду і йдзем чатыры дні. Першы дзень самы цяжкі — мы мусім прайсьці сорак кілямэтраў да Шуміліна. Потым будуць дні лягчэйшыя, не такія напружаныя… І 11 ліпеня мы будзем ушаноўваць памяць полацкіх пакутнікаў, бо 11 ліпеня — гэта дата іхнай пакутніцкай сьмерці».

Гісторыкі сьведчаць, што ў 1705-м годзе, увайшоўшы ў Полацак са сваімі войскамі, цар Пётр І вырашыў наведаць Сафійскі сабор, які быў тады ўніяцкім храмам. На адным з абразоў ён убачыў незнаёмае аблічча, і спытаў настаяцеля храма, хто гэта такі. Настаяцель не схлусіў: сказаў, што гэта полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч, забіты ў Віцебску ў 1623-м годзе адзінаверцамі праваслаўнага расейскага цара. Убачыўшы, якую пашану тут аддаюць забітаму Язафату Кунцэвічу, цар Пётр І ўласнаручна зарубіў настаяцеля шабляй. І яшчэ чацьвёра манахаў былі забітыя ў той дзень паводле царскага загаду.

Пяцёра полацкіх пакутнікаў сталі прыкладам цьвёрдасьці ў веры. А Сафійскі сабор, які Пётр І загадаў спаліць, і ёсьць тым пунктам, куды штогод імкнуцца пілігрымы, працягвае айцец Зьміцер:

«Мэта наша — гэта малітва каля Сафіі за дабраслаўленьне пакутнікаў. Некалі яна адбывалася ў самім гэтым музэі, я не кажу, што гэта цяпер храм, гэта болей музэй… Але не заўжды гэта атрымліваецца, бо нейкі дзіўны ажыятаж вакол гэтага сабору. Аднак мы не крыўдуем, бо доўгія гады ўсе храмы ўвогуле былі зачыненыя, і наша мэта — памаліцца за полацкіх пакутнікаў, а не трапіць любым чынам у Сафійскі сабор».

Пілігрымкі ў гонар полацкіх пакутнікаў — гэта ўжо не рэгіянальная зьява. У іх традыцыйна бяруць удзел вернікі грэка-каталікі з іншых беларускіх, а часта — і з украінскіх гарадоў.

Здараецца і так, што ў Полацак ідуць пілігрымы-палачане. Яны адмыслова загадзя заязжаюць у Віцебск, каб прайсьці шлях даўжынёй у 110 кіламетраў разам са сваімі адзінаверцамі. Адзін са сталых удзельнікаў пілігрымак — жыхар Полацку, вернік Віктар Стукаў. Цяперашняя пілігрымка для яго — ужо чацьвёртая:

«Разы тры хадзіў, і поўнасьцю ўвесь шлях, і разам з сям’ёй, з жонкай і двума дзецьмі. Дзеці пераносяць дарогу лёгка і ім усё цікава, незвычайна. З намі былі сьвятары з Украіны, яны з моладзьдзю займаліся. І моладзь такая адукаваная. Увогуле самае цікавае — гэта кампанія! Людзі духоўныя маральныя, якія разважаюць, у чым сэнс жыцьця і моц веры ў розных жыцьцёвых сытуацыях».

Сёлетняя дваццатая пілігрымка ў гонар полацкіх пакутніках праходзіць пад дэвізам «Адвага веры. Адвага любові»… Адвага — гэта вельмі істотна для пілігрымаў, якія выправіліся сёньня на Полацак. І ня толькі таму, што яны не спалохаліся сьцерці ногі і стаміцца ў дарозе, не збаяліся сьпёкі ці залевы, «паходных» умоваў і начовак ў школах, якія прымаюць вандроўнікаў. Адвага веры — гэта адказны супольны шлях, які мае завяршыцца малітвай за полацкіх пакутнікаў і за ўсіх сучасьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?