Аднак тыя, хто дабярэцца да Гарадка, змогуць паслухаць Лявона Вольскага, пазнаёміцца з заснавальнікамі фэсту і паглядзець кіно пра першы фестываль.

Арганізатары сёлетняга «Басовішча» не змаглі дамовіцца з консульствам Польшчы ў Беларусі наконт выдання віз для наведвальнікаў фестывалю.

«У гэтым годзе, на жаль, не будзе віз. Бо консульства сказала, што шмат асоб цяпер звяртаецца да іх па візы. Таму яны не ў стане задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых», — распавядае адзін з арганізатараў «Басовішча» Мацвей Севасцьянік.

Аднак, абяцаюць стваральнікі сёлетніх «Басоў», усе, хто ўсё ж самастойна дабярэцца да Гарадка, змогуць акунуцца ў непаўторную атмасферу свята беларускай музыкі.

«Сёння мы робім стаўку на лайн-ап, — працягвае Мацвей. — Аднак апроч грунтоўнай музычнай часткі наведвальнікаў чакае паказ фільмаў маладых польскіх рэжысёраў, аб'яднаных у праекце «Filmowe Podlasse atakuje». Да таго ж, у кіназале будуць круціцца старыя фільмы пра першыя «Басы» з прыватных калекцый пачынальнікаў фэсту. Будзе арганізаваная дзіцячая зона на фэсце».

Ва ўрачыстым адкрыцці 25-га фэсту плануецца сабраць усіх людзей, звязаных з яго нараджэннем, сярод якіх будуць старшыні БАСу, музыкі, мастакі і іншыя адданыя імпрэзе асобы. Па добрым звычаі, канцэрты будуць змяняцца дыджэйскімі сэтамі.

Нагадаем, юбілейны фестываль «Басовішча» традыцыйна пройдзе ў мястэчку Гарадок, недалёка ад беларуска-польскай мяжы 18-19 ліпеня. Чакаецца, што на ім выступяць Лявон Вольскі з дзіцячым хорам, «Крама», «Троіца», Nizkiz, Avias, IQ48,:B:N:, R.U.T.A., TT-34, «Тлушч». На жаль, заяўлены раней гурт Neuro Dubel у Гарадок не прыедзе. Арганізатары шукаюць яму замену.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?