Уяўленне пра казачную паўднёвую краіну, дзе ўсе жывуць, як у раі, панавала да 2010 года. А потым здарыўся крызіс, і экраны TБ запаланілі незадаволеныя збяднелыя грэкі. А як жывуць сёння дзеці Элады?

Рай для археолага

Нашага першага суразмоўцу клічуць Панаёціс. Па адукацыі ён гісторык. Вучыўся ў СССР, абараніў там кандыдацкую дысертацыю, але стаў не даследчыкам, а экскурсаводам. Кажа, што ўсе чыстыя навукоўцы — бяссрэбранікі. Добра зарабляюць толькі археолагі. Бо ўся Грэцыя — адны суцэльныя раскопкі. Рэшткі антычнасці можна знайсці паўсюль. Напрыклад, цяпер у Салоніках пачалі будаваць метро (дарэчы, агароджа мінімальнай вышыні і ўся праца вядзецца на вачах гараджан). А дзень працы археолага каштуе 150 еўра. Калі ў камандзе чатыры чалавекі — кожны атрымае па 100 еўра.

Пытаюся, а колькі, на яго думку, трэба зарабляць у Грэцыі?

«Калі сям’я складаецца з мужа, жонкі і двух дзяцей, на добрае жыццё хопіць 2 тысяч еўра на месяц, — адказвае Панаёціс, — праўда, гэта няпроста. Сярэднія заробкі ў прыватным сектары цяпер складаюць 700—800 еўра. У дзяржаўным — крыху менш».

«Камуналка» — тысяча еўра

На што ідуць заробленыя грошы? У першую чаргу — на камунальныя плацяжы. Яны выплочваюцца раз на чатыры месяцы (на пачатку кожнага трэба ўнесці аванс).

«У сярэднім «камуналка» за месяц складае 1000 еўра. Таму эканомія ў мясцовых жыхароў у крыві, — кажа Панаёціс. — Калі грэк чысціць зубы — кран выключаны».

Яшчэ адна прычына: недахоп вады ў гарадах (у сельскай мясцовасці яе заўжды дастаткова).

У 1960—1970-­я гады ў Афінах вада наогул падавалася ў асобныя гадзіны. А вось цэнтралізаваная сістэма ацяплення ў Грэцыі адсутнічае. Таму яе ўстаноўкай і падтрыманнем на належным узроўні займаюцца або гаспадары, або спецыяльныя кампаніі.

Наогул, асноўныя грошы ідуць на два падаткі — на нерухомасць і на электрычнасць.

Абодва выплочваюцца раз на год. Але калі ты забыўся пра першы, можаш застацца без святла.

Занятасць — палова года

Як і шэраг паўднёвых краін, Грэцыя жыве па законах турыстычнага сезона, які заканчваецца ў кастрычніку. З таго часу і да вясны будынкі шматлікіх гатэляў стаяць пустыя. «Хадзіць па іх страшна, — кажа Варвара, супрацоўніца адной з турыстычных кампаній. — І сам баішся. І цябе баяцца».

Увесь гэты час людзі, занятыя ў турыстычнай сферы, з’яўляюцца беспрацоўнымі.

«Раней, да крызісу, мы працавалі шэсць месяцаў, — расказвае Варвара. — У кастрычніку нас звальнялі, і мы станавілся на біржу працы. Але праз яе мы кожны месяц атрымлівалі дапамогу — 550 еўра. Перад звальненнем супрацоўніка кіраўніцтва выплочвала яму сёмую зарплату. Яшчэ адна зарплата (так званая трынаццатая) выплачвалася на Новы год».

Але пасля крызісу ад такіх падарункаў дзяржава адмовілася. Дапамога складае 360 еўра. Варвара кажа, нібыта ў парламенце плануюць прыняць закон: уладальнік кватэры або машыны дапамогі не атрымае.

Альфа, бэта і гама

Грэкі ганарацца сваёй сістэмай адукацыі. Яна цалкам бясплатная. І хоць існуюць прыватныя ВНУ, іх дыпломы ніяк не каціруюцца на рынку.

Панаёціс, які сам сем гадоў папрацаваў у школе, кажа пра адукацыю з энтузіязмам. Ды яшчэ і падкрэслівае: няхай бы беларусы пераймалі наш досвед!

Працягласць сярэдняй адукацыі ў краіне — дванаццаць гадоў. Шэсць гадоў грэкі вучацца ў школе, тры — у гімназіі і тры — у ліцэі (гімназіямі і ліцэямі называюць усе навучальныя ўстановы, а не самыя лепшыя, як у нас). Галоўнае ў школе — веды, а не адзнакі. Таму 20-­бальная сістэма («дваццаць» — самая высокая адзнака) дзейнічае толькі ў старэйшых класах. У пачатковай школе — «дзесяцібалка», прычым ніжэй за «шэсць» не ставяць. А ў першых чатырох класах адзнакі ўсяго тры — «альфа», «бэта» і «гама».

Праца выкладчыкаў ацэньваецца ў Грэцыі высока. Школьныя настаўнікі могуць разлічваць на 1000 еўра ў месяц (выкладчыкі ў ВНУ — на 1,5—2 тысячы еўра).

Прычым менавіта яны складаюць пытанні да выпускных іспытаў у школе, якія адначасова з’яўляюцца ўступнымі ў ВНУ. Чыноўнікі запрашаюць у Міністэрства адукацыі найлепшых выкладчыкаў з усёй краіны. У час, пакуль яны распрацоўваюць заданні, ніхто не можа выйсці на вуліцу. Зразумела, усе сродкі сувязі мусяць быць адключаны.

Універсітэты — без паліцэйскіх

Дзень кожнага іспыту — адзіны для ўсіх школьнікаў Грэцыі (усяго грэкі здаюць 12 прадметаў). Ля ўвахода ў школы іх чакае праверка (ніхто са старонніх не можа трапіць у будынак). Усе школьнікі атрымліваюць адзін і той жа варыянт, які выбіраюць шляхам лёсавання. Праверка працы цягнецца паўтара месяца! Два выкладчыкі ацэньваюць кожную працу па 100-­бальнай сістэме. Сярэдняе арыфметычнае складае выніковую ацэнку. Але калі розніца паміж дзвюма ацэнкамі большая, чым 10 балаў, склікаецца спецыяльная камісія. Потым выпускнікі школ рассылаюць свае атэстаты ў ВНУ краіны. Тых, хто мае лепшыя вынікі, залічваюць у больш прэстыжныя ўніверсітэты. Дарэчы, ВНУ не маюць да ўступнай кампаніі ніякага дачынення.

Праўда, не ўсе ставяцца да ўніверсітэтаў з належным піетэтам. Адзін з мінакоў, паслухаўшы расповед нашага чарговага экскурсавода, з раздражненнем кідае па­-руску: «Вядома, што­небудзь кінуць у паліцэйскіх — і адразу бягуць сюды хавацца». Высвятляецца, паветра ўніверсітэтаў сапраўды робіць людзей вольнымі. Толькі задаволены гэтым не ўсе. 

Калі ў сярэдзіне 1970­-х грэкі скінулі дыктатуру «чорных палкоўнікаў», вялікую ролю ў гэтым адыгралі студэнты. Каб аддзячыць ім, новая ўлада выдала закон. Згодна з ім, вайскоўцы і паліцэйскія не могуць знаходзіцца на тэрыторыі ўніверсітэтаў без дазволу адміністрацыі. Таму сучасныя анархісты звычайна праводзяць свае акцыі побач з ВНУ. А потым хуценька хаваюцца на іх тэрыторыі — і застаюцца непакараныя.

Футбол побач з храмам

Вандруючы сярод дня ў цэнтры Салонікаў, заўважаеш, што ўсе кавярні занятыя. Прычым ніхто нікуды не спяшаецца. «Дык у вас жа крызіс?! Адкуль столькі грошай?» — пытаюся я ў Варвары. «Усе п’юць фрапэ», — адказвае яна. Фрапэ — гэта халодная кава, якая змяшчае ў сабе амаль 10 кубкаў таго напою, які мы ўжываем штодня. Але грэкі разводзяць фрапэ вадой і могуць піць яе цэлы дзень. «Кубак каштуе некалькі еўра, — кажа Варвара. — Адзін еўра дастаў з кішэні, другі папрасіў у сваякоў, трэці пазычыў у сяброў. Вось і хапае». Такое баўленне часу — яшчэ і цудоўны сродак псіхатэрапіі. «У адрозненне ад іншых народаў, грэкі ніколі не ходзяць да псіхатэрапеўтаў. Замест іх ёсць сябры і фрапэ».

Цікава, што да кавярняў грэкі звычайна прыязджаюць на ўласных машынах. Аўто мае кожны паўналетні член cям’і. Месцаў на паркоўках заўжды не хапае. Таму машыны ставяць адразу ў тры шэрагі. Таму чуткі пра крызіс моцна перабольшаныя.

Бестурботнасць грэкаў праяўляецца нават у вайсковай сферы.

Уявіце сабе дарогу да гары Алімп, на якой рухаецца турыстычны аўтобус. А побач з ёй праходзяць вайсковыя вучэнні. Бачныя макеты танкаў. Камандзір тлумачыць узводу салдат, як страляць па мішэнях.

Больш за ўсё падчас вандроўкі ўражвае рэлігійнасць грэкаў. Але іх вера зусім не падобная да беларускай. У нас часцей сустракаеш або рэлігійны фанатызм, або абыякавасць, схаваную за веданнем і выкананнем абрадаў. А ў грэкаў вера — частка іх жыцця. Уздоўж кожнай дарогі стаяць каплічкі, памерам у рост дзіцяці (а часам і дарослага). Унутры — іконы. Спыняцца каля такіх храмаў не абавязкова. Бог і так побач з кожным падарожнікам.

Дарэчы, для таго, каб наблізіць царкву да жыцця, грэкі на пачатку ХХ стагоддзя правялі рэформы. Цяпер жанчыны могуць заходзіць у царкву без хусткі. А ў храмах вернікі слухаюць святароў седзячы, як у касцёлах.

Але грэкі не толькі праваслаўныя. Яны яшчэ і спадчыннікі герояў Антычнасці, якія на роўных размаўлялі з багамі. Таму назіраеш сітуацыю, у нас немагчымую: хлопцы з Салонікаў іграюць у футбол ля самага храма Святой Сафіі.

Цэны на рынку ў Салоніках (у рублях за 1 кг):

аліўкі — ад 56 000,
чарэшні — ад 21 000,
клубніцы — 16 000,
абрыкосы і нектарыны — 14 000,
дыня — 28 000,
куры — 36 000,
філе курынае — 75 000,
дзясятак яек — 16 000,
таматы — 11 000,
ласось — 150 000,
карп — 70 000.
Сэрэдні заробак чыстымі 818 еўра = 11 млн 900 тысяч на беларускія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?