У Расіі з 1 верасня 2016 года будзе ўведзена забарона на захоўванне персанальных дадзеных расіян на замежных серверах. Адпаведны законапраект сёння адобраны верхняй палатай расійскага парламента.
Змяненні ў заканадаўстве закрануць абсалютна ўсе структуры, якія захоўваюць персанальную інфармацыю расіян. Да персанальных даных прапануецца, у прыватнасці, аднесці адрасы электроннай пошты, пашпартныя даныя, даныя аб нараджэнні, асабістую перапіску і гэтак далей.
Законапраектам прапануецца зрабіць абавязковымі запіс, сістэматызацыю, накапленне, захоўванне, удакладненне і выключэнне персанальных даных грамадзян Расіі ў базах даных інфармацыі, размешчаных на тэрыторыі краіны, а таксама пазначэнне звестак аб месцы размяшчэння такіх баз даных.
Акрамя таго, гэты законапраект надзяляе Раскамнагляд правам на падставе ўступіўшага ў законную сілу судовага акта абмяжоўваць доступ да інфармацыі, якая апрацоўваецца з парушэннем расійскага заканадаўства ў галіне персанальных даных.
Гэты законапраект ужо выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Так, Расійская асацыяцыя электронных камунікацый выказала апасенне, што ў выпадку прыняцця законапраекта расіяне больш не змогуць карыстацца многімі глабальнымі інтэрнэт-сэрвісамі. У прыватнасці, размова ідзе аб паслугах анлайн-браніравання авіябілетаў і атэляў, атрыманні ўязных віз у замежных пасольствах, карыстанні паслугамі міжнародных плацежных сістэм.