Дзясяткі малых расійскіх тэлевізійных каналаў могуць зачыніцца пасля таго, як заканадаўцы прынялі закон аб забароне рэкламы на кабельных і спадарожнікавых каналах.

Гэты закон таксама ўзмацняе цяперашняе панаванне дзяржаўных тэлеканалаў на рынку рэкламы, кажуць эксперты.

Нечаканы законапраект Дзяржаўная дума Расіі вокамгненна прыняла на мінулым тыдні — тры абавязковыя чытанні правялі ўсяго за дзве сесіі.

Закон не паўплывае на «нацыянальныя, універсальна даступныя» тэлеканалы, а таксама тыя, якія маюць ліцэнзію на наземнае эфірнае вяшчанне. Гэта значыць, усе дзяржаўныя каналы, якія цяпер дамінуюць у расійскім тэлебачанні.

Абаронцы законапраекта кажуць, што ён накіраваны на ліквідацыю несумленнай канкурэнцыі на тэлевізійным рынку, бо платныя каналы, быццам, маюць перавагі дзякуючы змяшаным схемам фінансавання, а менавіта, абаненцкай плаце і рэкламе. У той жа час бясплатныя каналы абмежаваныя толькі рэкламай.

Але кіраўнікі 15 платных каналаў, у тым ліку Наталля Сіндзеева з апазіцыйнага «Дождж ТВ», напісалі ліст ва ўрад, папярэджваючы, што забарона будзе азначаць канец для больш чым паловы кабельных і спадарожнікавых каналаў Расіі.

«Выключэнне рэкламнай мадэлі паставіць каля 150 платных тэматычных каналаў на мяжу выжывання, — гаворыцца ў лісце. — Павышэнне аплаты за тэлевізійныя паслугі можа прывесці да зразумелай незадаволенасці спажыўцоў».

Аўтары ліста таксама папярэдзілі, што новы закон будзе хваравітым і для малога, і сярэдняга бізнэсу, прадстаўнікі якога рэкламуюцца на платных тэлеканалах, бо «толькі прадстаўнікі буйнога бізнэсу могуць сабе дазволіць рэкламу на дзяржаўных каналах».

Выцясненне незалежна настроеных каналаў

Многія эксперты лічаць, што Расія павінна прыняць законы, якія б рэгулявалі падпіскі і плацяжы за платныя тэлеканалы, колькасць якіх рэзка ўзрасла за апошняе дзесяцігоддзе. Але мала хто лічыць, што забарона рэкламы з'яўляецца правільным рашэннем.

«У платных каналаў сапраўды няма адзінай сістэмы аплаты, таму спарадкаваць іх з нейкага боку неабходна, — лічыць тэлевізійны крытык расійскай газеты «Комсомольская правда» Аляксандр Мельман. — Але я не разумею, пры чым тут камерцыйная рэклама, таму што ў нас усё яшчэ ёсць рынкавая эканоміка. Таму каналы могуць выжываць у тым ліку і такім чынам. Гэта нармальна».

Мельман кажа, што гэты закон, магчыма, прынялі дзеля таго, каб пазбегнуць існавання незалежна настроеных каналаў, як «Дождж ТБ», на расейскім медыя-рынку з дапамогай рэкламы. У той жа час гэта дапаможа захаваць практычна поўную манаполію дзяржаўных тэлеканалаў на тэлевізійную рэкламу.

Па дадзеных Асацыяцыі камунікацыйных агенцтваў Расіі, на долю бясплатных шырокавяшчальных каналаў прыходзіцца больш за 97% рынка тэлевізійнай рэкламы ў краіне, якія ў мінулым годзе зарабілі на гэтым 4,4 млрд даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?