У адным з агрэсіўна-­прапагандысцкіх артыкулаў сайта Imperiya.by натыкнуўся на цікавае прызнанне: «Укры очень бояться потерь своей живой силы» (правапіс арыгінала).

Тактыка ўкраінцаў грунтуецца на аблозе і паступовым адстрэле апорных пунктаў баевікоў.

Авіяцыя і «Грады» ўжываюцца мала, каб мінімізаваць страты мірнага насельніцтва. Дый грошай на авіяцыю ва ўкраінцаў няшмат.

Такім спосабам аблога Славянска заняла ва ўкраінскай арміі амаль тры месяцы.

Пасля спынення перамір’я 1 ліпеня за два дні яны сціснулі кола вакол Славянска, а за чатыры дні, пасля падзення пасёлка Мікалаеўка, канчаткова яго замкнулі. На пяты дзень, уначы з 4 на 5 ліпеня, тысяча баевікоў пайшла на прарыў і збегла ў густанаселены Данецк.

Маскоўскія СМІ знізілі голас. Яны вінавацяць лідара баевікоў Стралкова. На расійскіх сайтах шукаюць вінаватых.

Ці можна гаварыць пра пералом у вайне? Пра гэта мы запыталіся эксперта ў сілавой тэматыцы, стваральніка аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэя Паратнікава.

— Як па-­Вашаму, ці падзенне Славянска азначае канчатковы пералом у падзеях на Данбасе?

— Адназначна не. Гэта важны этап. Але важны галоўным чынам дзякуючы свайму сімвалізму. Тэрарысты называлі Славянск сваім Сталінградам. І вось, прыйшлося ўцякаць. Другі важны момант — гэта тое, што ўкраінскае войска фактычна завязла значнай часткай сваіх сілаў пад горадам. Таму яго вызваленне дае ўкраінскаму камандаванню дадатковыя сілы для аперацый на іншых кірунках.

— Як далей могуць развівацца падзеі? Украінцы паспрабуюць атачыць і ўзяць штурмам Данецк і Луганск ці паспрабуюць замкнуць вялікае кола ўздоўж расійскай мяжы і будуць чакаць?

— На гэта дакладна могуць адказаць 4 чалавекі: прэзідэнт Украіны, міністр абароны Украны, начальнік Генштаба ЗСУ і камандуючы Нацгвардыяй.

Я спа­дзяюся, што ўкраінцы перамогуць эмоцыі і паспрабуюць дзейнічаць рацыянальна. На маю думку, трэба адкрыць калідор для выхаду ўсіх ахвотных у Расію. І каб выходзілі абавязкова са зброяй. Думаю, у іх будуць пытанні да паважанага Уладзіміра Уладзіміравіча.

А аўтамат Калашнікава дадасць іх пытанням дадатковую вагу. Як гэта «кавалак Русского Міра» «жыда­бендерам на паруганне» аддалі. Карацей, у хлопцаў ёсць «непанятка». Далей, палявым камандзірам сярэдняй рукі можна прапанаваць грошы і выезд у любую краіну свету. Мільён даляраў — невялікая плата за мір. Дый камандзіраў тых не шмат. Хай валяць. Толькі спачатку здадуць свае банды і сальюць інфармацыю адпаведным украінскім службам.

— Гэтую вайну кіраўнік НАТА Расмусэн назваў «вайной новага тыпу». Якія высновы можна зрабіць пра яе? Як яна працякае?

— Першая выснова: разлічваць на ЕС у крызіснай сітуацыі — сябе не паважаць.

Там ёсць асобныя краіны (Балтыя, Польшча, Румынія, скандынавы). З імі і можна мець справы і шукаць супольны інтарэс.

Другая выснова: пад ударам знаходзіцца не толькі матэрыяльная інфраструктура, але і псіхіка грамадзянаў краіны-­ахвяры.

З гэтым таксама трэба нешта рабіць. І першае — супрацьпаставіць моцную ідэю. У дадзеным выпадку — незалежнай саборнай Украіны.

Трэцяя выснова: рана спісваць танкі, у прыватнасці, і класічнае войска, увогуле. Сітуацыя ва Украіне прадэманстравала, што колькасць (войска і тэхнікі) не менш важная за якасць.

Прафесійнае войска, як аказалася, тупіковы варыянт для кантынентальнай краіны. «Невялікая мабільная» армія, аб якой любіць паразважаць А. Лукашэнка, спрацуе толькі супраць такой жа маленькай.

Альбо вялікай, калі на тваім баку ландшафт. Як тое было ў Афганістане ці ў Фінляндыі.

Чацвёртая і галоўная выснова: асноўны рэсурс краіны — гэта грамадзяне­-патрыёты. Якія ў цяжкі момант здольныя самі арганізавацца і пачаць дзейнічаць.

Прыклад батальёна «Данбас» вельмі красамоўны, як і ў добраахвотнікаў­гвардзейцаў. Нацыянальны дух у барацьбе з большым ворагам — галоўная цвярдыня і апірышча. Яго трэба гадаваць увесь час.

— Якая была роля расійскіх сілаў спецпрызначэння ў данбаскіх падзеях?

— Хутчэй трэба казаць пра ролю спецслужбаў.

Увогуле, першы шэраг абароны (ці агрэсіі) дзяржавы зараз — гэта эфектыўныя спецслужбы. Спецслужбы — гэта вочы.

Сляпому нават вялікія кулакі не дапамогуць.

— Чаму ўкраінцы нясуць такія вялікія страты — загінула ўжо больш за 300, а паранена, імаверна, больш за тысячу ўкраінскіх вайскоўцаў?

— Гэта адносна невялікія страты. Чаму? Адказаў шмат.

Ніхто не рыхтаваўся ваяваць з Расеяй.

Ніхто ўвогуле не рыхтаваўся там ваяваць. 23 гады войска раскрадалі. Страшэнная карупцыя на ўсіх узроўнях. І здрада з самага верху. Першапачаткова ва ўкраінцаў нават сувязі не было. Таму ва ўмовах татальнай дэградацыі дзяржавы гэтыя страты яшчэ мінімальныя.

— Чаму ўсё-­такі Расія не паслала войскі ў адкрытую, чаму не паспрабавала ўстанавіць беспалётную зону прынамсі?

— Расеі няма чым ваяваць. І кім. На піку яны сабралі ў сухапутных сілаў, авіяцыі і флоту групоўку 220 тыс. Відаць, гэта амаль ўсё, што ёсць.

Можна дабавіць яшчэ памежнікаў, ФСБ, Унутраныя войскі. Але разам там будзе не больш за 300 тыс. сухапутных сілаў.

Ёсць разлікі брытанскіх адмыслоўцаў: для кантролю над акупаванай тэрыторыяй на кожны мільён мясцовага насельніцтва трэба мець 20—25 тысяч уласнага акупацыйнага войска. Такім чынам, для акупацыі ўсёй Украіны трэба 900 тыс. — 1,15 млн сухапутнага войска. Для акупацыі Данбаса —120—150 тыс.

А трэба ж яшчэ Крым трымаць і на фронце супраць украінскага войска мець сілы. Прыйшлося б праводзіць мабілізацыю. Але цяпер, у мірны час, укланістаў у Расеі больш, чым прызываецца ў войска.

«Русь Святую» ўсе там любяць, але ж чамусьці служыць ёй асабліва не хочуць.

Такая загадкавая расейская душа. Дарэчы, нястача людскога рэсурсу вымусіла і заходнікаў «згарнуць вуды» ў Іраку і Афганістане. Так, у тых прафесійнае, добра ўзброенае войска. Але яго мала. Фізічна мала. Высновы з гэтага пакуль зрабілі толькі палякі.

— Калі што, Беларусь можа разлічваць на нейкіх саюзнікаў?

— У гэтым свеце кожны сам за сабе. І разлічваць мы можам толькі на ўласныя сілы. Ніякія Захады і Расеі, калі што, нас не абароняць. Беларускаму нацыяналізму — такому, як ён быў сфарміраваны ў 1900-­20­-я гады мінулага стагоддзя ў якасці дзяржідэалогіі, альтэрнатывы не было, няма і не будзе.

Толькі ён у стане гарантаваць нашу моц і мабілізацыю грамадства, калі тое, барані божа, спатрэбіцца.

* * *

Андрэй ПарАтнікаў (прозвішча вымаўляецца з націскам на другое «а», Паратнікаў.) Нарадзіўся ў 1978 у Бабруйску. Працаваў у Следчым апараце МУС. Стваральнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog

***

Украінскія войскі

Імаверна, каля 35 тысяч чалавек. Неабмежаваная колькасць артылерыі і беспілотнікаў. Абмежаваная колькасць танкаў. Невялікая колькасць дзейных самалётаў і верталётаў.

Баевікі

Імаверна, каля 12 тысяч чалавек. Неабмежаваная колькасць стралковай зброі, гранатамётаў, зенітна­-ракетных комплексаў. Абмежаваная колькасць БТРаў і БМД, некалькі дзясяткаў танкаў і самаходак «Нона».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?