У чэрвені 2014 года індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі вырас у параўнанні з маем на 1,2% і на 10,2% — у параўнанні са снежнем 2013 года, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта. 

Цэны на харчовыя тавары ў чэрвені гэтага года ў параўнанні з маем выраслі на 1,6%, з пачатку года — на 13,8%. Найбольш істотна падаражэлі бульба — 45,2%, каўбасныя вырабы і вэнджаніна — 4,1%, мяса і птушка — 3,9%. 

Знізіліся цана на садавіну — на 6,2%, агародніну — на 4,6%, яйкі — 2,9%, цукар — 0,02%. 

Цэны на нехарчовыя тавары ў чэрвені ў параўнанні з маем павялічыліся на 0,3%, з пачатку года — на 2,6%. Больш за ўсё ў чэрвені падаражэлі сінтэтычныя мыйныя сродкі — на 1,7%, пісьмовыя прылады — на 1,4%, медыкаменты — на 1,3%. Знізіліся цэны на мэблю — на 0,6% і на абутак — 0,1%. 

Цэны і тарыфы на платны паслугі за месяц павысіліся на 1,5%, з пачатку года — на 15,8%. Больш за ўсё падаражэлі паслугі дашкольных устаноў — на 11,6%, міжнароднага чыгуначнага транспарту — на 11,4%, санаторна-аздараўленчыя — на 5,9%, пасажырскага транспарту — 3,4%, медыцынскія — на 2,8%, турыстычныя — 2,2%. Знізіліся цэны на паслугі канцэртных арганізацый — на 3%. 

Нагадаем, афіцыйны гадавы прагноз інфляцыі складае 11%, аднак ён можа быць перагледжаны ў горшы бок.

«Раней на 2014 год інфляцыя прагназавалася на ўзроўні 11%, але зараз пралічваем, што яна будзе большая — недзе 16-17%», — заяўляла ў пачатку красавіка старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова. 

Паводле прагнозаў Сусветнага банка, інфляцыя па выніках 2014 года ў Беларусі перавысіць 16%. Асабліва калі адбудзецца запланаванае павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі і працягнецца карэкціроўка абменнага курсу, зазначалі эксперты СБ. 

У 2013 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 16,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?