Цэны на другасным рынку жыльля ў Менску і суседніх краінах стабілізаваліся на мяжы пакупніцкай здольнасьці насельніцтва і могуць пачаць падаць.

На сёньня сярэдняя аднапакаёвая кватэра ў сталіцы каштуе каля $70000, пры цане $2059 за 1 кв.м. Двухпакаёўка — $95000 (1980), трохпакаёўка — $135000 (2000), а за чатырохпакаёвую кватэру давядзецца аддаць $166500 пры кошце 1кв.м $1990. Істотных зьменаў не назіралася ад пачатку лета.

У некаторых суседніх краінах цэны на жыльлё таксама стабілізаваліся, а ў Латвіі і Польшчы пачалі зьніжацца. У Латвіі ад траўня да кастрычніка зьніжэньне склала 10,6%. Адзін квадратны мэтар у сталіцы Латвіі каштуе ў сярэднім 2250 даляраў. (Заробкі ў Латвіі прыкладна ўдвая вышэйшыя за беларускія.)

Усё часьцей жыхары Рыгі набываюць жыльлё для сябе, а не са спэкулятыўнымі мэтамі, адзначаюць латыскія экспэрты.

У Маскве другасны рынак жыльля таксама перажывае пэрыяд зацішша. Цэны ўзрастаюць вельмі нязначна і, як адзначаюць у кампаніях нерухомасьці, гэтае падвышэньне ёсьць усяго толькі кампэнсацыяй за падзеньне курсу даляра. На сёньня квадратны мэтар маскоўскіх кватэраў каштуе ў сярэднім $4200.

Пік росту цэнаў у Кіеве назіраўся ў мінулым годзе. Тады кватэры ў сярэднім падаражэлі на 60%. Сёлета назіралася замаруджваньне росту цэнаў. А пачынаючы зь лета кіеўскія кватэры заўважна патаньнелі. Так жыльлё эканом-клясы патаньнела амаль на 10%, кватэры з малой жыльлёвай плошчай патаньнелі на чвэрць. У наступным годзе тэндэнцыя зьніжэньня коштаў працягнецца. Гэта тлумачыцца тым, што цэны на кватэры дасягнулі мяжы пакупніцкай здольнасьці насельніцтва.

Падмацоўваюць такія прагнозы крызыс іпатэкі ў ЗША, а таксама стагнацыя рынку нерухомасьці ў Маскве, якая не ў малой ступені ўплывае на рынак Кіева.

Варта адзначыць, што прычынай спыненьня цэнаў на менскае жыльлё айчынныя экспэрты таксама называюць пік пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. У зьвязку з гэтым попыт на жыльлё значна адстае ад прапановы. Паводле некаторых прагнозаў цэны на менскае жыльлё да траўня могуць зьнізіцца на 15-20%.

Сямён Печанко, паводле «Недвижимость Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0