Ніякай вайны народаў ва Украіне няма, ёсць непрыстойныя палітыкі. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», паведамляе БелТА.

Гэтая частка выступу кіраўніка дзяржавы была вельмі эмацыйнай.

«Ніякай вайны народаў сёння няма. Не ваюе ва Украіне народ з народам, з беларусамі, рускімі і гэтак далей, і нават з украінцамі. Ёсць нягодныя, непрыстойныя палітыкі, якія калісьці недаацанілі гэта адзінства, важнасць гэтага адзінства. З'явілася расколіна, а ў гэтую трэшчыну пралезлі нашы праціўнікі і ворагі», — сказаў Лукашэнка.

«І яны сёння спіхваюць народы. Яны спрабуюць распаліць братазабойчую вайну і ў гэтую варонку, у гэты вір уцягнуць галоўнае ядро славянства — рускіх, беларусаў і ўкраінцаў», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтага нельга дапусціць. На яго думку, фестываль «Славянскі базар у Віцебску» з'яўляецца апорай і закладам адзінства славянскіх народаў.

«Успамінаю часы маладосці, — працягнуў беларускі лідар. — Многія тады і мы, можа быць, не разумелі, наколькі важна гэта зерне — «Славянскі базар» — у адзінстве не толькі славянскіх народаў, але і народаў наогул. Усё, здавалася, будзе бясхмарна, добра, якое там славянскае адзінства — сам сабой зразумелы факт! так павінна быць, так было заўсёды!

Нядаўна ваявалі разам, разам паміралі ў адных акопах, па адзін бок барыкад. Хто б мог падумаць, што сёння мы будзем казаць пра некалькі іншае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0