Мы, удзельнікі сьвяткаваньняў 88-х угодкаў Акту 25 сакавіка 1918 г., выказваем салідарнасьць з усімі тымі беларускамі і беларусамі на нашай духоўнай Бацькаўшчыне, якія так мужна адстойваюць сёньня ідэі незалежнай і свабоднай Беларусі.
Беларускае грамадзтва, нягледзячы на рэпрэсіі, даказала, што хоча пераменаў, і сваімі дзеяньнямі набліжае той момант, калі адчуе сябе сапраўдным гаспадаром у сваім беларускім доме. Сваёй ахвярнасьцю напярэдадні Дня 25 сакавіка вы таксама ўлілі надзею ў сэрцы і душы беларусаў па-за межамі Бацькаўшчыны. Дзякуй вам за гэта.
Мы поўнасьцю ўсьведамляем, што безь беларускай паводле зьместу дзяржавы далейшы лёс нашай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы значна ўскладняецца.
Сёньня з гэтага месца мы выказваем спадзяваньне, што Беларусь хутка паверне на шлях дэмакратычнай дзяржавы, дзе толькі канстытуцыйны парадак вызначае палітычна-грамадзкае жыцьцё краіны. Краіны, у якой няма палітычных вязьняў і рэпрэсіяў супраць свайго народу.
Беларуская незалежная ідэя, нягледзячы на ўсе складанасьці і рэпрэсіі, – заўсёды выжыве. Сьвяткуючы і ўшаноўваючы памяць змагароў за Беларускую Народную Рэспубліку, мы можам толькі паўтарыць і быць вернымі іх запавету. Калі ёсьць ідэя, тады і будзе перамога. Жыве Беларусь!
Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы