У дачыненні да 42-гадовага жыхара Гродна распачата крымінальная справа за крадзеж з мясцовага заапарка насухі — маленькага пушыстага звярка з доўгім носам і вялікім паласатым хвастом. 

Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, на тэрыторыі заапарка ёсць «Бабулін дворык», спецыяльна адведзенае месца, дзе можна пагладзіць бяспечных жывёл і сфатаграфавацца з імі. Аматар прыроды прыйшоў туды. Прычым, паводле слоў відавочцаў, мужчына нават размаўляў з жывёламі, доўга гладзіў пушыстага звярка, а затым непрыкметна сунуў за пазуху і пайшоў. 

Прапажу выявілі супрацоўнікі заапарка толькі вечарам, калі адпраўлялі жывёл у свае вальеры. Звярнулі ўвагу, што ў маці-насухі не хапае аднаго дзіцяняці. Тады і звярнуліся ў міліцыю. 

Праваахоўнікі з Ленінскага райаддзела міліцыі заняліся пошукамі жывёліны. У працэсе пошуку супрацоўнікі звярнулі ўвагу на свежую аб'яву ў інтэрнэце — аб продажы рэдкай насухі.

Калі гутарылі з прадаўцом, высветлілася, што гэта той самы звярок, які і быў украдзены. Мужчына ва ўсім прызнаўся, яго затрымалі.

Падрабязнасці гэтай незвычайнай гісторыі яшчэ ўстановіць следства. Жывёліна вернута ў заапарк да сваёй сям'і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?