Часовы (пасля смерці мітрапаліта Уладзіміра) кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) — мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі Ануфрый (Беразоўскі) — заклікаў сепаратыстаў ва Украіне скласці зброю.
«Сітуацыя на ўсходзе Украіны працягвае заставацца напружанай. У сувязі з апошнімі падзеямі ў рэгіёне звяртаемся да ўсіх, хто незаконна трымае ў руках зброю, з заклікам скласці яе і спыніць кровапраліцце», — прыводзіць «Інтэрфакс» тэкст заявы, якую мітрапаліт Ануфрый зрабіў ад імя Усеўкраінскай рады цэркваў.
Як паведаміла прэс-служба УПЦ МП, Рада таксама заклікала вызваліць усіх закладнікаў, у тым ліку святароў, і аказаць ўсебаковую дапамогу пацярпелым ад узброенага канфлікту.
«Ізноў падкрэсліваем заяўленую намі раней пазіцыю, што тэрытарыяльная цэласнасць Украіны, незалежнасць якой падаравана нам Богам, з'яўляецца каштоўнасцю для нашага народа,
а таму дапусціць яе падзелу мы не маем права, бо гэта грэх перад Богам і будучымі пакаленнямі нашага народа», — сказана ў дакуменце.
Усеўкраінскі савет цэркваў асудзіў таксама дыскрымінацыю вернікаў Данецкай і Луганскай абласцей, захоп рэлігійных будынкаў і выкарыстанне іх ва ўзброеным канфлікце, «якімі б матывамі гэта ні апраўдвалася».