На нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў краіны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прапанаваў змяніць тактыку, каб звузіць зону Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) і забяспечыць абарону мірнага насельніцтва.
«За апошнія тры дні супраць Узброеных сіл Украіны была ўжыта новая расійская сістэма залпавага агню», — адзначыў ён.
Таксама пацвярджаюцца дадзеныя аб тым, што ўдзел у баявых дзеяннях супраць украінскіх сіл вядуць кадравыя расійскія афіцэры.
Парашэнка адзначыў неабходнасць некаторых змяненняў у тактыцы, якія дазволілі б звузіць зону АТА, узмацніць абарону межаў і зрабіць усё для таго, каб забяспечыць абарону мірнага насельніцтва.
Ён таксама паставіў перад «Украбаронпрамам» задачу ўжо праз тыдзень палепшыць забеспячэнне зброяй вайскоўцаў у зоне АТА.
На думку Парашэнка, у населеных пунктах, якія вызваляюцца ад баевікоў, павінна неадкладна быць адноўленая грамадзянская ўлада, здольная паклапаціцца пра насельніцтва.
Пры гэтым на вайскоўцаў ускладаецца адказнасць за аднаўленне мірнага жыцця ў вызваленых гарадах.