Загінулыя пры ўзыходжанні на вулкан Камень ва Усць-Камчацкім раёне РФ грамадзяне Беларусі Сяргей Франкоўскі і Андрэй Крупадзёраў былі сябрамі клуба аматараў актыўнага адпачынку Magadan.by.

Як паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандр Гадлеўскі, яны ўваходзілі ў склад турыстычнай групы, якая была арганізаваная ў пачатку ліпеня для экспедыцыі на Камчатку. Кіраўніком групы быў Франкоўскі. 

«Альпінісцкага вопыту ў іх не было, яны не з'яўляюцца альпіністамі, сябрамі нашай альпінісцкай федэрацыі, не сталі ў нас на ўлік, яны аматары экстрэмальных падарожжаў, — расказаў Гадлеўскі. — Мы нават не ведаем, ці застрахавалі яны свае жыцці, ці зарэгістраваліся яны ў службе МНС на месцы».

Паводле слоў Гадлеўскага, у экспедыцыю адправілася восем беларусаў — пяцёра мужчын і тры жанчыны, у тым ліку жонкі загінулых, Таццяна Франкоўская і Кацярына Крупадзёрава.

У сваю чаргу, прэс-сакратар пасольства Беларусі ў РФ Аляксандр Гардзейчык паведаміў БелаПАН, што пры ўзыходжанні на вулкан Камень беларусы выбралі «вельмі складаны маршрут». Да таго ж, час быў выбраны няўдала. «Паводле ацэнак мясцовых экспертаў, альпіністы ходзяць па гэтых месцах да мая, калі моцны лёд», — сказаў ён.

Гардзейчык адзначыў, што пасля публікацыі ў СМІ інфармацыі аб трагедыі кіраўнік аддзялення пасольства Беларусі ў Хабараўску Уладзімір Максімаў «адразу звязаўся з расійскім МНС і пагутарыў з губернатарам Камчацкага краю Уладзімірам Ілюхіным». «Падчас гутаркі беларускі дыпламат папрасіў губернатара ўзяць пад асабісты кантроль расследаванне гэтай трагедыі», — расказаў прадстаўнік пасольства.

Пошукі загінулых праходзілі ў складаных кліматычных умовах, у іх былі задзейнічаныя не толькі ратавальныя групы, але і верталёты. Целы беларусаў былі знойдзеныя ў ноч на 14 ліпеня, адзначыў Гардзейчык. «Целы дагэтуль знаходзяцца на ўсходнім схіле вулкана Камень ва Усць-Камчацкім раёне, таму што з-за складаных умоў надвор'я цяжка даставіць іх на верталёце ў базавы лагер «Камень», — патлумачыў Гардзейчык. 

Як паведамлялася раней, група з васьмі беларускіх турыстаў адпачывала ў раёне Ключэўскай групы вулканаў, не зарэгістраваўшыся ў мясцовым аддзяленні МНС. Раніцай 9 ліпеня двое мужчын з групы адправіліся ажыццяўляць узыходжанне на вулкан Камень, але ў прызначаны час у лагер не вярнуліся. Астатнія шэсць чалавек спрабавалі арганізаваць самастойны пошук, але ён не прынёс поспеху, таму 11 ліпеня турысты звярнуліся па дапамогу ў МНС. 

14 ліпеня ратавальнікі знайшлі целы зніклых турыстаў на ўсходнім схіле вулкана на вышыні каля 3.400 метраў над узроўнем мора. Паводле звестак Следчага камітэта РФ па Камчацкім краі, турысты былі звязаныя паміж сабой альпінісцкім рыштункам, і, паводле папярэдняй версіі, адзін з мужчын, сарваўшыя з ледніка, пацягнуў за сабой свайго напарніка, у выніку чаго абодва ўпалі з вышыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?