Беларусь плануе стварыць трансмежавыя прыродна-запаведныя аб'екты з Літвой, Латвіяй і Украінай. Гэта прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй развіцця сістэмы асабліва падахоўных прыродных тэрыторый (АППТ) да 1 студзеня 2030 года, зацверджанай пастановай Савета міністраў № 649 ад 2 ліпеня. Дакумент набудзе моц 1 студзеня 2015 года.

Як паведамляе прэс-служба Саўміна, у перыяд дзеяння стратэгіі плануецца стварыць трансмежавыя асабліва падахоўныя прыродныя тэрыторыі «Вілейты — Адуцішкіс» (Беларусь — Літва), «Рычы — Салене» (Беларусь — Латвія), «Альманскія балоты — Пераброды» (Беларусь — Украіна). Апрача таго, прадугледжана фарміраванне трансмежавых біясферных рэзерватаў. Плануецца, што не менш як тры тэрыторыі атрымаюць міжнародны статус. 

Нацыянальная стратэгія развіцця сістэмы АППТ створана на падставе навуковага абгрунтавання, падрыхтаванага Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах, і аналізу міжнароднага вопыту па распрацоўцы стратэгічных дакументаў, скіраваных на развіццё сістэмы асабліва падахоўных прыродных тэрыторый. 

Згодна з вынікамі даследаванняў, «стварэнне на тэрыторыі краіны АППТ — найбольш эфектыўны спосаб захавання каштоўных прыродных комплексаў і аб'ектаў, забеспячэння экалагічнай раўнавагі і ўстойлівага развіцця прыродных сістэм», зазначылі ў прэс-службе. 

Сістэма асабліва падахоўных прыродных тэрыторый Беларусі ўключае 1.213 аб'ектаў, у тым ліку адзін запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, 85 заказнікаў рэспубліканскага значэння (31 ландшафтны, 38 біялагічных, 16 гідралагічных), 249 заказнікаў мясцовага значэння, 306 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 568 — мясцовага значэння. Рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі развіцця сістэмы АППТ да 1 студзеня 2030 года «дазволіць цалкам завяршыць фарміраванне сістэмы АППТ», мяркуюць у Саўміне.

Апрача таго, стратэгіяй прадугледжана захаванне натуральных або слаба змененых балотных экасістэм. Так, з дапамогай сучасных тэхналогій і абсталявання плануецца ачысціць ад хмызняку і трыснягу каля 3,5 тыс. га нізінных балот.

Чакаецца, што да 2030 года колькасць турыстаў, якія наведваюць асабліва падахоўныя прыродныя тэрыторыі, павялічыцца не менш як на 80%. Прадугледжана развіццё такіх відаў турыстычнай дзейнасці, як назіранне за птушкамі, батанічны і навуковы турызм. Для гэтага плануецца развіваць турыстычную інфраструктуру, а таксама павышаць узровень дасведчанасці грамадства аб стане АППТ і мерапрыемствах, якія праводзяцца там. 

Прадугледжваецца таксама, што рэалізацыя дакумента дазволіць удасканальваць механізмы кіравання і аховы АППТ, правядзення на гэтых тэрыторыях маніторынгавых мерапрыемстваў і рэгулявання гаспадарчай дзейнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?