Канфедэрацыя футбола Бразіліі афіцыйна абвясціла сёння, што трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай па футболе адпраўлены ў адстаўку.
Фота fifawallpaper.com
Кантракт не сталі працягваць з галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Луісам Феліпэ Скалары. Разам з 65-гадовым спецыялістам бразільскую каманду пакіне і ўвесь яго трэнерскі штаб.
На хатнім ЧС-2014 зборная Бразіліі ў паўфінале пацярпела разгромную паразу ад зборнай Германіі, саступіўшы з лікам 1:7. А ў матчы за трэцяе месца згуляла з камандай Нідэрландаў з лікам 0:3.
Як іранічна кажуць заўзятары, у двух вырашальных матчах гульцы бразільскай зборнай згулялі з лікам 1:10. Гэта дало падставу казаць пра заняпад бразільскага футбола, пры тым што зборная з'яўляецца пяціразовым чэмпіёнам свету.
З 2002 года, пасля пятай перамогі на ЧС, іх сталі называць «Пентакампеоны» — пяціразовыя чэмпіёны. Яшчэ адна мянушка бразільскай зборнай «Селесаа» азначае «Выбраныя».
Луіс Феліпэ Скалары ўзначаліў зборную Бразіліі ў 2012 годзе. Раней Скалары ўзначальваў зборную Бразіліі ў 2001—2002 гадах і пад яго кіраўніцтвам бразільцы сталі пераможцамі ЧС-2002.