Адшукваецца злачынца, які выкраў у адной з фірм у Полацку буйную суму шляхам атрымання несанкцыянаванага доступу да электроннай скрыні кампаніі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова, злачынца, узламаўшы электронную скрыню фірмы, пачаў перапіску з яе работнікамі ад імя дзелавых партнёраў. Пасля чаго паведаміў пра нібыта змененыя банкаўскія рэквізіты, папрасіўшы пры гэтым у наступным пералічваць грошы менавіта на новы рахунак. Давяраючы неправеранай інфармацыі, атрыманай у выніку перапіскі ў інтэрнэце, кампанія на падложныя банкаўскія рахункі пералічыла 7 тысяч еўра і 6 тысяч долараў ЗША.

Па гэтым фаце Полацкім міжраённым аддзелам СК распачата крымінальная справа па ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі). Следчыя сумесна з супрацоўнікамі ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Віцебскага аблвыканкама працуюць над устанаўленнем асобы, якая ўчыніла злачынства. Беручы пад увагу той факт, што кампанія — партнёр полацкай фірмы зарэгістраваная за межамі Беларусі, следчымі адпраўлены шэраг міжнародных даручэнняў аб аказанні прававой дапамогі ў замежныя дзяржавы.

Улічваючы частыя факты камп'ютарных махінацый, упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці звяртае ўвагу карыстальнікаў на выкананне правілаў інфармацыйнай бяспекі, а таксама ўважлівае стаўленне да асабістай інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?