Былыя міліцыянты Эдвард Мішталь і Януш Смуга, якія зьбівалі ў 1983 г. супрацоўнікаў Камітэту самапомачы пры прымасе Польшчы, асуджаныя на пяць і чатыры гады турмы. Прысуд стаў вядомы ў аўторак. Дзякуючы амністыі, Мішталь будзе сядзець два з паловай гады, Смуга – два.

3 траўня 1983 году людзі Мішталя з антытэрарыстычнага аддзелу міліцыі ўварваліся на тэрыторыю кляштару сясьцёр-францішканак у варшаўскім Старым Месьце. Там у гэты час сабраліся супрацоўнікі Прымасаўскага камітэту. Міліцыя мела інфармацыю, што яны займаюцца «апазыцыйнай дзейнасьцю».

Затрыманых павезьлі ў лес, па дарозе пагражаючы расстрэлам, зьбіваючы і абражаючы. У лесе людзей выпусьцілі, сканфіскаваўшы грошы і забраўшы дакумэнты.

Тая міліцэйская антытэрарыстычная брыгада на чале зь Мішталем была створаная ў 1981 годзе. Яе байцы ўдзельнічалі ў разгоне страйку ў варшаўскай пажарнай школе ўвосень 1981 г. Падчас ваеннага становішча яны затрымлівалі дзеячаў падпольля, ахоўвалі аэрапорт Акенце і несьлі службу падчас візыту папы Яна Паўла ІІ у Польшчу.

Пасьля 1990 г. Мішталь пакінуў паліцыю і як пэнсіянэр заклаў ахоўную фірму.

Дзеі польскіх міліцыянтаў таго часу да болю нагадваюць цяперашнія подзьвігі беларускіх спэцназаўцаў. Многія іх дзеяньні парушаюць заканадаўства. Задакумэнтаваныя выпадкі даюць надзею на перамогу законнасьці і справядлівасьці ў будучыні – хай нават праз 23 гады, як у Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?