На ўкраінскім КПП Ізварына слова «Украіна» перароблена ў «руіна», вісяць сцягі «ЛНР» і СССР. Напаўголыя «апалчэнцы» ляжаць і загараюць з аўтаматамі, паведаміў блогер Ціхан Дзядко у сваім Twitter.

Адзначым, што паведамленні пра баі і страты ўкраінскай арміі ў раёне Ізварына вельмі супярэчлівыя.

Выступаючы ў Славянску і каментуючы інфармацыю СМІ пра акружэнне 400 украінскіх сілавікоў у раёне Ізварына, міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў: «Не, няпраўда. Там ідзе бой».

Сёння, 16 ліпеня, на брыфінгу спікер інфармацыйнага цэнтра СНБА Андрэй Лысенка праінфармаваў пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы патрапілі ў засаду непадалёк ад Ізварына, ёсць страты: «Непадалёк ад населенага пункта Ізварын Луганскай вобласці асабісты склад Узброеных сіл Украіны трапіў у засаду, і тэрарысты абстралялі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў з цяжкай зброі, страты ўдакладняюцца, але нашы хлопцы трымаюцца, і дапамога ім паступае».

Сёння ж з членамі сем'яў вайскоўцаў сустрэўся намеснік міністра абароны Украіны Пётр Мехед. Сваякі вайскоўцаў патрабавалі прыняць неадкладныя меры, каб выратаваць байцоў 72-й механізаванай брыгады, якія, паводле дадзеных сваякоў, знаходзяцца фактычна ў акружэнні баевікоў каля вёскі Ізварына. Гэта таксама пацвердзілі, як паведамляе УНІАН, і трое вайскоўцаў гэтай брыгады, якія зараз знаходзяцца ў Кіеве ў адпачынках.

Акрамя таго, сёння раніцай у СМІ з'явіўся запіс размовы з украінскім сілавіком, які служыць у 2-м батальёне 72-й механізаванай брыгады.

«У нас няма ежы, няма вады. Нас засталося з усяго батальёна ўсяго некалькі чалавек. Мы жывём у лесапасадцы, больш адступаць няма куды. Параненых павезлі кудысьці ў тыл, іх таксама разбамбілі. З 40 машын выжыла пару чалавек. Няма больш людзей, каго можна сюды яшчэ даслаць. Усе суседнія брыгады адступілі. Засталася толькі наша. Мы ў акружэнні знаходзімся, трэба прарваць гэтае кальцо, каб нас выпусціць. Мы цяпер нават не ў абароне. Мы церпім паразу. У нас сяя-тая тэхніка засталася, але яе па адной расстрэльваюць супрацьтанкавымі кіраванымі ракетамі. За апошнюю ноч накрывалі тры разы сістэмай «Град», нават камяні плавіліся ад такой тэмпературы», — паведамляе вайсковец у эфіры Эспресо.tv.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?