Пытанні паскарэння пропуску грузавых аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы абмеркавалі 16 ліпеня ў межах рабочай сустрэчы ў пункце пропуску «Казловічы» старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі і намеснік міністра фінансаў — генеральны дырэктар мытнай службы Польшчы Яцак Капіца, іншыя прадстаўнікі ведамстваў. 

Разглядаліся, у прыватнасці, пытанні арганізацыі электроннай чаргі для грузавых транспартных сродкаў з беларускага і польскага боку. Капіца адзначыў, што ў адпаведнасці з чатырохбаковым пагадненнем мытных і пагранічных службаў Беларусі і Польшчы арганізацыяй электроннай чаргі кожны бок будзе займацца самастойна, але былі прапрацаваныя захады па абмене інфармацыяй. 

«Сёння мы гаварылі аб тым, якая інфармацыя патрэбная беларускаму боку, каб бачыць стан чаргі. У гэтых адносінах абмен інфармацыяй будзе, і калі на наступных этапах супрацоўніцтва атрымаецца сінхранізаваць дзеянні ў большай ступені, мы будзем гэта рабіць», — заявіў Капіца. Паводле яго слоў, акрамя укаранення электроннай чаргі праводзяцца іншыя мерапрыемствы для паскарэння пропуску грузавых аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы. 

Начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Беларусі Уладзімір Арлоўскі падчас брыфінгу адзначыў, што паток грузавых транспартных сродкаў перавышае прапускную здольнасць на ўсёй беларуска-польскай мяжы. Аднак пасля атрымання ноты ад беларускага боку пункт пропуску «Дамачава — Славатыча» будзе на пастаяннай аснове абслугоўваць грузавыя транспартныя сродкі агульнай масай да 7,5 тоны. 

Пасля рэканструкцыі пункта пропуску «Пясчатка — Палоўцы» ў пачатку наступнага года ён таксама будзе абслугоўваць грузавыя аўтамабілі масай да 7,5 тоны, пры гэтым яго статус зменіцца з міждзяржаўнага на міжнародны. Акрамя таго, праводзіцца пашырэнне палос руху паміж пунктамі пропуску «Кузніца» і «Брузгі». 

Паводле меркавання чыноўніка, хуткасць праходжання мяжы можа павялічыць абмен інфармацыяй аб таварах, што перамяшчаюцца, паміж польскай і беларускай мытнымі службамі. «Рабочая група на працягу года будзе вывучаць гэтае пытанне. Такі абмен дапаможа хутчэй прымаць рашэнне аб перамяшчэнні тавараў», — адзначыў Арлоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?