Кіраўніцтва ЗША ўхваліла новую хвалю санкцый супраць шэрагу расійскіх кампаній ваенна-прамысловага і нафтавага комплексу.

Пад дзеянні санкцый трапілі карпарацыя «Алмаз-Антэй» і канцэрн «Калашнікаў», а таксама НВА «Іжмаш», НВА «Базальт», «Уралвагонзавод» і КБ «Прыборабудаванне», «Новатэк», «Раснафта», Феадасійскае прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі (Крым), віцэ-спікер Дзярждумы Сяргей Нявераў, памочнік прэзідэнта Расіі Ігар Шчогалеў, міністар па справах Крыма Алег Савельеў, а таксама «прэм'ер» ДНР Аляксандр Барадай.

Але ці трапяць пад гэтыя санкцыі беларускія «Белгазпромбанк» і «Белзнешэканамбанк», якія належаць расійскім «Внешэканомбанку», «Газпромбанку», якія таксама трапілі ў чорны спіс ЗША?

Эканаміст Сяргей Чалы патлумачыў, што санкцыі ЗША не распаўсюджваюцца на беларускія філіялы расійскіх банкаў, бо яны зарэгістраваныя як беларускія юрыдычныя асобы:

«Санкцыі ЗША супраць Расіі могуць паўплываць на эканоміку Беларусі, але вельмі ўскосна. У Расіі эканамічная сітуацыя і так не была добрая, а праз санкцыі рэцэсія толькі ўзмацняецца. Праз гэта верагодна падзенне попыту на тавары, якія Беларусь эскпартуе ў Расію. Іншыя наступствы малаверагодныя, бо санкцыі накіраваныя ў асноўным на абмежаванне доступу да фінансавання для асобных кампаній і персанальныя санкцыі супраць пэўных асобаў».

Сяргей Чалы лічыць, што пашырэнне санкцый ЗША ў дачыненні да Расіі магчымы па «іранскім сцэнары»:

«Калі будуць новыя хвалі санкцый, то гаворка будзе ісці не пра кампаніі, а пра накірункі дзейнасці. Напрыклад, аб забароне супрацоўніцтва амераканскіх і расійскіх кампаній у нафтагазавай сферы, на перадачу тэхналогій. Напэўна, будуць сур'ёзныя дзеянні ў дачыненні да ўсяго банкаўскага сектара. Канчатковы прыклад такога падыхода — санкцыі ЗША супраць Ірана».

Паводле новых санкцый ЗША, расійскія кампаніі з чорнага спіса не змогуць атрымаць амерыканскія крэдыты на тэрмін большы за 90 дзён, але іншыя фінансавыя аперацыі закранутыя не будуць. Расійскія СМІ паведамляюць, што міжнародныя плацёжныя сістэмы VISA і MasterCard не будуць блакаваць карткі падсанкцыйных банкаў, бо санкцыі ЗША прадугледжваюць толькі амбежаванне доступу да рынку крэдытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?