Расія лічыць, што, уводзячы санкцыі супраць яе, ЗША помсцяць Расійскай Федэрацыі, а Еўрасаюз — паддаўся на «шантаж» Амерыкі.

Пра гэта гаворыцца ў заявах Міністэрства замежных спраў РФ.

«Расцэньваем новы пакет амерыканскіх санкцый у дачыненні да Расіі як прымітыўную спробу адпомсціць за тое, што падзеі на Украіне развіваюцца не па сцэнары Вашынгтона», — гаворыцца ў адной з іх.

«Абуральнае і неабгрунтаванае імкненне ўскласці на Расію віну за грамадзянскую вайну ў суседняй краіне, якая стала следствам глыбокага ўнутранага крызісу і ўжо прывяла да шматлікіх ахвяр, сведчыць пра правал стратэгіі ЗША і іх кіеўскіх кліентаў па сілавым уціхамірванні шырокай народнай незадаволенасці», — сцвярджаюць у МЗС РФ.

Расійскія дыпламаты заяўляюць, што

«замест таго, каб абразуміць украінскае кіраўніцтва, якое кінула супраць жыхароў Данбаса і Луганшчыны авіяцыю, цяжкую артылерыю і бранятэхніку, Белы дом фактычна падбухторвае да кровапраліцця».

Пры гэтым, сцвярджаюць яны, ЗША спрабуюць «адвесці ад сябе адказнасць» і груба перакручваюць факты, размахваючы «санкцыйнай дубінкай».

«Размаўляць мовай санкцый, якім бы ні быў іх маштаб, з Расіяй марна. Ні да чаго добрага такі шлях не прывядзе. Гэта датычыцца і замахаў на актывы расійскіх кампаній. Тых, хто паверыў ва ўласную выключнасць і ў права дыктаваць сваю волю астатняму свету, непазбежна чакае горкае расчараванне», — папярэджвае МЗС РФ.

Там падкрэсліваюць, што «санкцыі — інструмент двухбакованебяспечны».

«У выніку любых абмежаванняў на эканамічнае і фінансавае супрацоўніцтва сур'ёзныя страты панясуць і дзелавыя колы саміх ЗША… Падобныя паводзіны Адміністрацыі Барака Абамы таксама непазбежна адаб'юцца на магчымасцях нашага ўзаемадзеяння па многіх іншых напрамках», — заявіў МЗС РФ.

Разбурэнне расійска-амерыканскіх адносін будзе на сумленні Белага Дома, сцвярджаюць расійскія дыпламаты.

«Мы былі і застаемся адкрытымі да канструктыўнага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, у тым ліку з ЗША, на прынцыпах раўнапраўя, неўмяшання ва ўнутраныя справы і рэальнага ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Шантаж жа цярпець не маем намеру, пакідаем за сабой права на меры ў адказ», — заяўляе МЗС РФ.

У Маскве таксама «звярнулі ўвагу» на прынятыя па выніках пасяджэння Еўрапейскага савета 16 ліпеня рашэнні адносна сітуацыі ва Украіне.

«Расчараваныя тым, што Еўрасаюз, насуперак уласным інтарэсам, паддаўся на шантаж амерыканскай адміністрацыі і пайшоў па шляху санкцыйных мер у дачыненні да Расіі», — заяўляе МЗС РФ.

«Пры гэтым Бруселем, па прыкладзе Вашынгтона, фактычна выкарыстоўваецца «логіка залюстаркоўя», калі ва ўсіх грахах абвінавачваюцца тыя, хто прадпрымае рэальныя намаганні па дээскалацыі сітуацыі на Украіне, а абуральныя факты, уключаючы бесперапынны паток бежанцаў з Украіны ў Расію, абстрэлы расійскай тэрыторыі і іншыя антырасейскія правакацыі, адкрыта замоўчваюцца», — абураецца ведамства.

Расійскія дыпламаты заяўляюць, што ўсе намаганні Расіі па вырашэнні канфлікту ва Украіне «натыкаліся на адкрыты сабатаж з боку Кіева і яго амерыканскіх заступнікаў».

«І цяпер замест таго, каб выкарыстоўваць існуючыя магчымасці для пачатку дыялогу Кіева з прадстаўнікамі Паўднёвага Ўсходу краіны, Еўрасаюз пайшоў на павадку ў прыхільнікаў сілавога рашэння ўнутрыўкраінскага канфлікту і правакавання на яго фоне канфрантацыі з Расіяй», — заяўляе РФ.

«Тым самым, ЕС бярэ на сябе адказнасць за працяг ваеннай аперацыі Кіева, у выніку якой кожны дзень гінуць людзі», — пераконваюць там.

МЗС РФ таксама падкрэслівае, што санкцыі будуць мець наступствы і для краін-членаў ЕС, і спадзяецца, «што Еўрасаюз здабудзе уласны голас у міжнародных справах, які адпавядае інтарэсам усіх дзяржаў нашага кантынента».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?