27 ліпеня ў Мінску на адной сцэне ўпершыню сустрэнуцца тры пераможцы конкурса «Заспявай.BY«: спявачка і кампазітар Лізавета Леўчык, індзі-рэпер Юрась Касцень (SP Kava), а таксама спявак і аўтар песень Віталь Варанко.

Конкурс, які ладзілі партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры падтрымцы Tut.by, меў на мэце пошук цікавых маладых выканаўцаў (да 25 год). Удзельнікам трэба было напісаць песню на словы сучаснага беларускага паэта. Шорт-ліст абірала журы на чале з Алегам Хаменкам («Палац»), пераможцу – вядомы украінскі гукарэжысёр і саўндпрадусар Улад Ярун («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі»).

Галоўны прыз – запіс, звядзенне і мастэрынг песні-пераможцы з Уладам Яруном – атрымаў 22-гадовы Віталь Варанко. Запіс адбыўся ў чэрвені, зараз даводзіцца да ладу ў Кіеве. Лаўрэатамі і уладальнікамі каштоўных прызоў сталі 18-гадовая Ліза Леўчык і 24-гадовы Юрась Касцень (SP Kava) – цырымонія іх ўзнагароджання адбудзецца аккурат падчас канцэрта.

27 ліпеня кожны з гэтай тройцы адыграе паўгадзінны сэт. Віталь Варанко разам з сваім бэндам прадставіць песню «Вяртайся» ды яшчэ некалькі беларускамоўных кампазіцый, створаных пад уражаннем ад перамогі ў «Заспявай.BY». SP Kava разам з дударом Вячкам Красуліным прадэманструе свой арыгінальны погляд на беларускі рэп, сярод іншага прагучыць і кампазіцыя, якая скарыла журы конкурсу – «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.

Нешта асаблівае рыхтуе да выступа Лізавета Леўчык, некаторыя яе песні прагучаць у суправаджэнні адмысловага госця канцэрту – гурта Tonqixod. Яго лідар, паэт і перакладчык Уладзь Лянкевіч, быў у журы «Заспявай.BY» і асабіста адзначыў творчасць гэтай спявачкі ды выказаў жаданне падтрымаць яе падчас такога адказнага выступу. Акром таго Tonqixod прэзентуе свой новы сінгл і адыграе свой сэт з абраных твораў, якія ўвойдуць у будучы альбом. Весці канцэрт будзе Алег Хаменка.

27 ліпеня (нядзеля). 19.00. Канцэрт пераможцаў «Заспявай.BY»: Лізавета Леўчык, SP Kava, Віталь Варанко. Пры ўдзеле гурту Tonqixod. Бар «Мир кофе» (вул.Якуба Коласа, 37). Тэлефон для даведак +375 29 6872093, +375 33 9037685.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?