Да 31 снежня 2018 года ў Мінску павінен быць пабудаваны футбольны стадыён на 33-35 тыс. гледачоў. Гэта прадугледжвае ўказ прэзідэнта № 357 ад 18 ліпеня «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў г. Мінску». 

Стадыён будзе ўзведзены ў межах Партызанскага праспекта, вуліц Ванеева і Даўгабродскай і мець чацвёртую (вышэйшую) катэгорыю УЕФА. «Для стварэння адзінага архітэктурнага комплексу запраектаваныя новы нацыянальны стадыён і гандлёвы цэнтр увязаны з дзейным стадыёнам «Трактар» і домам фізічнай культуры «Кольцы Славы», — гаворыцца ў паведамленні. 

На гэтым месцы стадыён павінен быў быць пабудаваны яшчэ ў другой палове 2000-х гадоў, аднак літоўскі бізнесмен Уладзімір Раманаў адмовіўся ад рэалізацыі праекта. 

Раней Беларуская федэрацыя футбола падала заяўку на правядзенне матчаў фінальнай часткі чэмпіянату Еўропы 2020 года. Аднак, як заявіў 18 ліпеня першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян, змена канцэпцыі рэканструкцыі стадыёна «Дынама» ў Мінску (з упорам на лёгкую атлетыку) рызыкуе знізіць шансы краіны стаць адным з арганізатараў ЧЕ-2020, што пройдзе ў розных гарадах кантынента. У той жа час Сафар'ян паведаміў пра «паскарэнне работ па будаўніцтве нацыянальнага стадыёна», хутчэй за ўсё, маючы на ўвазе ўказ, які з'явіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?