Вёў разьвітальную вечарыну Віктар Шалкевіч. Прымалі ўдзел «Apple tea», «Крамбамбуля», Ігар Варашкевіч, Руся і Аляксандар Кулінковіч.

Ніякіх больш людзей, русалак і сабачкаў

«Хутка вы ня ўбачыце ў рэкляме піва ніякіх людзей, русалак, ні нават маленькіх сабачкаў» — з гэтых словаў пачалася ладжаная піваварняй «Сябар» у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры вечарына «Разьвітаньне з героямі». Ад 22 лістапада пачынае дзейнічаць новы закон, які забараняе выкарыстаньне вобразаў людзей і жывёлаў у рэкляме піва. З гэтай нагоды піваварня «Сябар» выпусьціла адмысловы рэклямны ролік ды зладзіла вечарыну ў гонар актораў, што рэклямавалі прадукцыю бровару. Гасьцям вечарыны прадэманстравалі ўсе рэклямныя ролікі, зробленыя за час існаваньня піваварні. У тым ліку і шыкоўную рэкляму піва «Сябар», зробленую па-беларуску яшчэ ў 2005 г. Яна так і не патрапіла на экраны, бо, па словах старшыні назіральнай рады піваварнай кампаніі «Сябар» Сяргея Левіна, твары ў пэрсанажаў роліка не зусім беларускія. Яны ж сапраўды хутчэй нагадваюць нямецкіх баўэраў. На імпрэзе прысутнічала большасьць герояў рэклямы «Сябра».

Тым часам Сяргей Левін паабяцаў не парушаць закон і праявіць максымум вынаходлівасьці, каб піва «Баброў» знаходзіла сваіх аматараў.

Баброў Music Awards

Працягам афіцыйнай часткі было ўручэньне адмысловай прэміі «Баброва» найлепшаму музычнаму журналісту. Ад гэтага году кампанія распачынае ўласную традыцыю ўручэньня музыкальных прэміяў. У склад першага журы патрапілі музычны журналіст і крытык Зьміцер Падбярэскі і прадусар Уладзімер Шаблінскі. Першую прэмію атрымаў Сяргей Шапран, зь якім У. Шаблінскі некалі вёў на радыё музычную праграму. Сп. Шапран атрымаў сымбалічны драўляны мікрафон («Неабходная ў гаспадарцы рэч — можна бульбу таўчы» — падказаў, што можна рабіць з падарункам вядучы вечару Віктар Шалкевіч), а таксама грашовую прэмію ў памеры 5 мільёнаў рублёў. «Наша кампанія мае ўзнагароджваць усіх тых творчых асобаў, што робяць нашае культурнае жыцьцё ўнікальным, непадобным да маскоўскага, бэрлінскага, праскага, ці варшаўскага» — адзначыў С. Левін.

Панаехала гасьцей

Працягам вечару былі выступы гуртоў. Першымі зайгралі «Apple tea», а потым эстафэту падхапіла «Крамбамбуля», якая зьдзівіла многіх сваімі глямурнымі ўборамі — хлопцы выйшлі да публікі ў каляровых шубах і вялізных бліскучых акулярах. Пад “Сіні нос” пачаў танчыць нават супрацоўнік Сусьветнага банку ў Беларусі Крэйг Бэл. Нераўнадушным да беларускай музыкі быў і прысутны тут кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан. Пазьней колькі песень пад акампанэмэнт «Яблычнай гарбаты» прасьпявалі лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч і Руся з «Індзіга». Варашкевіч прыйшоў разьвітацца з героямі разам зь Мікалаем Аруцюнавым, зь якім ён арганізаваў супольны праект.

Закрывала вечар «Крамбамбуля», якая разьвіталася з шубамі, але пабольшала за кошт лідэра «Нэйра Дзюбеля» Аляксандра Кулінковіча. Сьпяваючы пра марскога чалавека Аляксандар прадэманстраваў цяльняшку і лёг на падлогу. На разьвітаньне ўсёй заляй засьпявалі «Госьці». Разам з Вольскім засьпявалі прадусар Яўген Калмыкоў і Сяргей Левін.

Лыжка дзёгцю у дзежцы «Сябра»

Не абышлося без прэзэнтацыі новага гатунку піва. Гэтым разам было прадстаўленае новае піва «Ice». Навінка пакідае падвоенае пачуцьцё. Калі якасьць напою ні пакідае ніякіх сумневаў, то афармленьне яго расчароўвае. На жаль абяцаньне кіраўніка бровару зрабіць новы брэнд беларускамоўным ня спраўдзілася. Будзем спадзявацца, што такія брэнды зьявяцца ў будучыні, бо, як плянуе кампанія, новыя гатункі ў хуткім часе будуць зьяўляцца з зайздроснай рэгулярнасьцю.

У любым разе, трэба падзякаваць кампаніі і яе кіраўніцтву за справу, якую яны робяць. Насамрэч, пры ўсёй павазе да іншых беларускіх бровараў, цяжка пакуль уявіць падобныя мерапрыемствы ў падтрымку сваёй прадукцыі зь іх боку.

Сямён Печанко


Выступае Крамбамбуля
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0