У Беларусі пачынаецца дадатковы набор у ВНУ на шэраг дэфіцытных спецыяльнасцяў, дзе пасля асноўнага набору засталіся свабодныя бюджэтныя месцы. 

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі, на ваенныя спецыяльнасці дакументы будуць прымацца з 21 па 25 ліпеня, сферы культуры — 27—28 ліпеня, на ўсе астатнія — з 23 па 28 ліпеня. 

Дадатковы набор праводзіцца толькі на дзённую бюджэтную форму навучання для наступных спецыяльнасцяў: «пачатковая адукацыя», «матэматыка і інфарматыка», «фізіка і інфарматыка», «прафесійнае навучанне», «матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)», «фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)», «прыкладная матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)», «прыродаахоўная дзейнасць (экалагічны маніторынг)», «абсталяванне», «транспарт», «металургія», «энергетыка», «лясная прамысловасць», «хімічная прамысловасць», «харчовая прамысловасць, «лёгкая прамысловасць», «аўтаматызацыя», «землеўпарадкаванне, геадэзія, картаграфія і тапаграфія», «ахова навакольнага асяроддзя», «будаўніцтва», «лясная гаспадарка і садова-паркавае будаўніцтва», «забеспячэнне якасці» і «мастацтва музычнае». 

Пры гэтым для правядзення дадатковага набору зніжаны парогавыя значэнні цэнтралізаванага тэставання, неабходныя для падачы дакументаў у ВНУ. На вакантныя месцы могуць прэтэндаваць абітурыенты, якія набралі ад 5 балаў (уключна) па рускай і беларускай мовах; ад 10 балаў (уключна) — па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі; ад 15 балаў (уключна) — па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская). 

Яшчэ больш істотна зніжаны парогавыя значэнні для дадатковага набору ў ВНУ, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, а таксама на ваенныя факультэты, на спецыяльнасці кірунку «Фізічная культура і спорт» і групы спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалаводства», «Сельская гаспадарка і добраўпарадкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Аграінжынерыя». На гэтых кірунках нездавальняючымі для паступлення прызнаныя адзнакі ад 0 да 2 балаў (уключна) па ўсіх навучальных дысцыплінах. 

Нагадаем, для падачы дакументаў у ВНУ ў межах асноўнага набору неабходна было набраць не менш як 10 балаў па рускай ці беларускай мовах, 15 — па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, 20 — гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі і замежных мовах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?