«Мы нікому не прадаваліся, і цану нам ніхто не прызначаў», — заявіў БелаПАН лідэр гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч, каментуючы вынікі сустрэчы групы вядомых беларускіх рок‑музыкантаў з кіраўніком галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алегам Праляскоўскім, якая адбылася 21 лістапада.

«Цяпер нас крытыкуюць з‑за фразы, што нібыта прагучала, аб тым, што мы не будзем іграць на мітынгах апазіцыі. Можа, я ў запале няправільна сказаў, але такой фразы проста не было! Прагучала фраза Праляскоўскага: «Хлопцы, не лезьце ў палітыку». І менавіта з гэтай фразай мы пагадзіліся», — сказаў А.Кулінковіч.

«Я не надта веру ў тое, што пасля сустрэчы з Праляскоўскім адразу што‑небудзь зменіцца. Я не наіўны чалавек. І ўсё, што адбылося за апошнія гады (закрыццё клубаў, забарона і адмена канцэртаў), гэта ненармальна. Ненармальная нават сама сустрэча з Праляскоўскім, калі чыноўнік Адміністрацыі прэзідэнта павінен уладжваць сітуацыю з музыкантамі», — лічыць лідэр гурта. У мяне няма ілюзій наконт таго, што ў беларускай рок‑музыцы ўсё будзе добра, — дадаў А.Кулінковіч. — Апошнія ілюзіі разбіліся сёння з‑за тых патокаў бруду, якія на нас цяпер выліваюцца за тое, што мы пайшлі на гэты ўчынак. Я сапраўды лічу гэтую сустрэчу ўчынкам. І цяпер, калі я бачу фразы накшталт «я выдаляю вашу музыку са свайго камп’ютэра», разумею, што гэта — не мой паклоннік. Гэта людзі, якія слухаюць не нашу музыку, а «пазіцыю», якую яны самі сабе прыдумалі. «N.R.M.», «Крама», «Нейра Дзюбель» — мы засталіся пры сваёй пазіцыі, а ад нас хочуць, каб мы былі тупымі, ішлі кудысьці пад нейкімі сцягамі, куды нас пакліча невядома хто».

«Так, мы пайшлі на дыялог, — падкрэсліў лідэр гурта. — Зразумейце, музыкантам надакучыла ваяваць, прычым я не ведаю, з кім мы ваюем. Мы ўсе любім Радзіму, а наша стаўленне да ўлады — гэта стаўленне да ўлады грамадзян, а не музыкантаў. Я вельмі моцна хачу выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю на свабодных выбарах, а не на канцэртнай пляцоўцы».

Ён таксама паведаміў, што падчас сустрэчы музыканты адказалі адмоўна на прапанову арганізаваць канцэрт «Рок за Беларусь». «Мы сказалі Праляскоўскаму, што гэта палітычны лозунг, а ён сам прасіў нас не лезці ў палітыку», — сказаў А.Кулінковіч.

«Я ні за якія грошы не буду іграць пад чырвона‑зялёным сцягам. Я лічу сваім сцягам бел‑чырвона‑белы, але і пад ім я спяваць не хачу. Я хачу спяваць пад чыстым небам», — падкрэсліў музыкант.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?