Марыс Бэжар

Вядомы францускі харэограф Марыс Бэжар памёр ва ўзросьце 80 гадоў у адной з больніцаў Швайцарыі, паведамляюць замежныя СМІ са спасылкай на Лязанскі балет, якім ён кіраваў цягам 20‑ці гадоў.

Ён быў самым неспакойным і ўжо дакладна самым крэатыўным балетмайстрам мінулага стагодзьдзя, ставіў спэктаклі да самае сьмерці, працаваў у рэпэтыцыйнай залі, не ўстаючы зь інваліднага вазка.

Сказаць пра кагосьці «жывая легенда» — значыць паўтарыцца ў тысячны раз. Але калі гаворка вядзецца пра Марыса Бэжара, штампаў не існуе. Пераацаніць ягонае месца і ўплыў у сусьветнай харэаграфіі немагчыма.

Сын марсэльскага прафэсара філязофіі сам быў філёзафам. І яшчэ культуролягам, які замест манаграфій ставіў балеты, у якіх культуры ўсіх народаў зьбіраліся на сяброўскія гутаркі.

Бэжар рабіў спэктаклі пра Францускую рэвалюцыю і сярэднявечнага Пэтрарку, пра Заратустру і братоў Люм’ер.

Ён разважаў танцам пра маці Тэрэзу і Фрэдзі Мэркюры. У балеце пра Фрэдзі Мэркюры «Дом сьвятара» Бэжар заўсёды выходзіў на сцэну са сваімі артыстамі і пад гукі «Шоў мусіць працягвацца», ускідваў кулак уверх і з глыбі сцэны наступаў на публіку.

Ён зрабіў для балета надзвычай многа…

На мінулым тыдні Марыс Бэжар ужо ў другі раз за апошні месяц быў шпіталізваны з захворваньнем сэрца і нырак. У ноч на чацьвер у веку 80 гадоў памёр.

gazeta.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0