Мінск, 21 ліпеня. Для вырашэння праблем з чэргамі ў літоўскае пасольства ў Мінску Міністэрства замежных спраў Літвы плануе адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры.

Чакаецца, што гэта адбудзецца ўжо восенню.

Як паведаміла прэс-служба літоўскага МЗС у адказ на запыт партала навін Delfi, «у візавых цэнтраў будуць неабмежаваныя магчымасці з усімі выгодамі па абслугоўванні асоб, якія звяртаюцца па візы, а таксама аказанні дадатковых паслуг». 

Зараз выдзеленыя дадатковыя рэсурсы для працы дыппрадстаўніцтваў Літвы ў Беларусі. «З пачатку мая паступова павялічваецца лік работнікаў — цяпер у пасольства дадаткова прынята чатыры работнікі. А на летнія месяцы дадаткова камандзіруюцца дыпламат і тэхнічны работнік», — паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС. 

Штодня пасольства Літвы ў Мінску выдае прыблізна 1.100 віз.

За першае паўгоддзе гэтага года пасольства ў Мінску і консульства ў Гродне выдалі 110 тысяч 513 віз, што на 6,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд. 

«Аб'ёмы выдачы віз адпавядаюць рэальным патокам грамадзян, якія адпраўляюцца з Беларусі ў Літву, аднак тэхнічныя магчымасці пасольства дасягнулі мяжы.

Электронная сістэма рэгістрацыі пастаянна атакуецца, зламысныя ці прагныя да нажывы асобы ствараюць дадатковыя перашкоды для зладжанай працы візавай службы пасольства.

І хоць віз выдаецца больш, чэргі каля пасольства не скарачаюцца», — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Літвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?