У мінулыя выходныя двое дзяцей выпалі з вокнаў шматкватэрных дамоў у Гомелі і пасёлку Чонкі Гомельскага раёна, паведамілі ў пракуратуры Гомельскай вобласці.

У Гомелі двухгадовы малы застаўся з бабуляй і дзядулем, калі мама пайшла ў краму. Бабуля пакарміла дзіця і пайшла вынесці посуд.

У гэты момант малы змог забрацца на падваконне і абаперціся на маскітную сетку адкрытага акна на 3-м паверсе.

Хлопчык выпаў з аконнага праёму. Са шматлікімі траўмамі дзіця шпіталізаванае ў рэанімацыю абласной бальніцы.

У пасёлку Чонкі з вышыні другога паверха звалілася шасцігадовая дзяўчынка.

Цяжару яе цела таксама не вытрымала маскітная сетка, на якую яна абаперлася. З траўмамі дзяўчынка дастаўлена ў бальніцу.

У пракуратуры адзначылі, што гэта далёка не першы падобны выпадак траўміравання дзяцей. І ў гарачае надвор'е іх колькасць узрастае. Маскітныя сеткі, якія ўсталёўваюцца на вокнах, ствараюць толькі ілюзію бяспекі. Таму вельмі важна выключыць доступ маленькіх дзяцей да адкрытых насцеж вокнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?