У судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна Аляксей Жалноў, сын блогера Алега Жалнова, прызнаны вінаватым у прычыненні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі і 50 млн штрафу ў якасці кампенсацыі маральнага ўрону. 

Канфлікт паміж блогерам і супрацоўнікамі бабруйскай ДАІ адбыўся 4 верасня 2013 года каля будынка Дзяржаўтаінспекцыі. Жалноў з сынам палічылі, што аўтамабіль ДАІ стаіць на тратуары, чым парушае ПДР. Пра гэта яны заявілі супрацоўнікам міліцыі. Аднак тыя сцвярджалі, што машына знаходзіцца не на тратуары, а на сумежнай тэрыторыі. Падчас канфлікту Жалноў і яго сын з прымяненнем сілы былі затрыманыя. 

Потым супрацоўнік ДАІ Аляксандр Бутоўскі абвінаваціў Аляксея Жалнова ў нанясенні ўдару па твары, з-за чаго той атрымаў страсенне мозгу, сказаў Алег Жалноў. Ён таксама адзначае, што ў паказаннях сведак на судзе было шмат нестыковак, а на відэа, дзе быў выяўлены канфлікт, не бачна, каб яго сын удараў кагосьці. 

«Суддзя Юлія Беразюк у прыгаворы ад 18 ліпеня ўказала, што пярэчанні пацярпелага аб неадпаведнасці паказанняў сведак відэазапісам, даследаваным у судзе, гэта спосаб пазбегнуць крымінальнай адказнасці. Сэнс такі, што відэазапісы — гэта лухта, галоўнае, што сведкі — супрацоўнікі ДАІ — даюць аднолькавыя паказанні, хаця нічога аднолькавага ў іх няма, за выключэннем таго, што яны нібыта бачылі кроў на твары ў Бутоўскага. А на відэазапісе бачна, што ніякай крыві і пашкоджанняў у яго на твары няма», — сказаў Алег Жалноў. 

Паводле яго слоў, Аляксей Жалноў сваю віну не прызнаў, і цяпер у сям'і вырашаецца пытанне аб абскарджанні прыгавору. 

Разам з тым Алег Жалноў упэўнены, што справа яго сына, як і справа па тым жа артыкуле «Насілле або пагроза прымянення насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», распачатая ў дачыненні да яго жонкі, з'яўляецца пераследам блогера за барацьбу з карупцыяй у органах міліцыі і пракуратуры.

Нагадаем, што Алег Жалноў на працягу некалькіх гадоў судзіцца з міліцыяй Бабруйска, абвінавачваючы некаторых яе супрацоўнікаў у супрацьзаконных дзеяннях і карупцыі. У сваю чаргу тамтэйшыя праваахоўнікі распачынаюць у дачыненні да блогера ўсё новыя справы, большай часткай па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?