Я ня ведаю, што такое «правільны камунізм», які быццам быў скажоны рознымі акалічнасьцямі. Вы таксама ня ведаеце, што такое правільны камунізм. Гэтага, бадай, ня ведае ніхто. І для дзясяткаў, а мо і сотні мільёнаў ахвяраў гэтага ладу, якіх нішчылі ў імя камунізму, абсалютна абыякава, у імя якога камунізму — «правільнага» ці «дэвіянтнага» — іх паклалі на плаху. Мы маем канкрэтную праяву генацыднага камунізму зь несамавітай ідэяй сусьветнага панаваньня, мы маем канкрэтных пасьлядоўнікаў той жа ідэі, і хто можа пераканаць нас — і чым?! — што гэта «правільныя» пасьлядоўнікі «правільнага камунізму»?

Беларускі рэжым увесь захрас у таталітарна‑камуністычным мінулым. Рэстаўрацыя камуністычных парадкаў — ягоная мэта.

Пакуль жудасныя злачынствы камунізму і камуністаў ня будуць асуджаныя належным чынам, яны блудліва будуць спасылацца на прэзумпцыю невінаватасьці і апэляваць да няіснага вэрдыкту суду, хаця самі камуністы і камунізм подла адмаўлялі сваім ахвярам і прэзумпцыю, і суд, і нават права абароны. Яны дзейнічалі як бандыты.

Што ж тычыцца таптаньня газэты «Товарищ», то гэта папросту пэрформанс. Сама газэта нармалёвая левая, але, як кажуць, б’юць па мордзе, а не па пашпарце. Таму ня варта імітаваць гістэрыку і патрабаваць нейкага маральнага суду над пэрформансьнікамі. Ніхто не перашкаджае калякінцам, раз яны такія рахманыя, скінуць заплямлены хітон «камунізму» і стаць якой‑небудзь «левай партыяй у рамках законнасьці».

Антыкамуністычны форум каштоўны ўжо тым, што прыцягвае грамадзкую думку да нявырашанай праблемы нашай цяпершчыны‑мінуўшчыны.

Як ілюстрацыю да напісанага вышэй дадам, што 29.10.2007 па школах Сьветлагорскага раёну быў разасланы «Рабочы плян па падрыхтоўцы і правядзеньні мерапрыемстваў, прысьвечаных 90‑годзьдзю Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі ва ўстановах адукацыі Сьветлагорскага раёну» з 14 пунктаў. Чыста камуністычная паперчына.

Плян грунтуецца на пляне Гомельскага аблвыканкаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?