39-гадовы беларускі баксёр Сяргей Хаміцкі узляцеў на вяршыню сусветных рэйтынгаў і днямі будзе біцца з зорным нямецкім байцом Робертам Штыгліцам, двухразовым чэмпіёнам свету.

І хоць міжнародная спартовая прэса актыўна піша пра беларуса, на Бацькаўшчыне пра яго амаль не ведаюць. А Сяргей тым часам уключыўся ў барацьбу за пояс чэмпіёна планеты па боксе. 

Хто ж такі Сяргей Хаміцкі? І якім чынам яму ўдалося раскрыцца ў такім паважаным узросце?

— Я тры гады займаўся футболам. Калі мне было 10, у школу прыйшлі трэнеры набіраць дзяцей на бокс, — успамінае дзяцінства Сяргей Хаміцкі. — Не прайшло і месяца, як усе вярнуліся на футбол. Тады бацька мне і сказаў: «Мяч ганяць ты і ў двары зможаш, а боксу дзе ты яшчэ навучышся?» Ну і харызма трэнера адыграла ролю. Пачынаў я ў Алега Ягоравіча Пашкевіча, на Аўтазаводзе, у зале вячэрняй школы №5. Настаўнік быў малады, гарачы, з намі і дужаўся, і ў футбол гуляў.

Бацька Сяргея Хаміцкага, які параіў сыну заставацца в боксе, прыехаў у Мінск з Украіны. Вывучыўся на інжынера ў радыётэхнічным інстытуце і ажаніўся з беларускай.

Сяргей дарос да чэмпіёна Беларусі і выступаў у складзе нацыянальнай каманды. На гэтым этапе яго трэніравалі вядомыя спецыялісты Валерый Собалеў і Станіслаў Глушанкоў.

Але медалёў першынства Еўропы і свету здабыць не ўдалося, Сяргей спыняўся за крок ад п’едэсталу.

— У аматарскім боксе баі кароткія. Я толькі пачынаў раскачвацца, як ужо гучаў фінальны гонг. Таму вырашыў перайсці ў прафесійны бокс (найвялікшым дасягненнем тут лічыцца не залаты алімпійскі медаль, а пояс чэмпіёна свету). У прафбоксе цэняцца акцэнтаваныя ўдары, пальчаткі не такія мяккія, больш раўндаў, баі больш жорсткія. Мяне заўважыла прамоўтарская кампанія з Санкт-Пецярбургу. Так я стаў чэмпіёнам СНД і славянскіх краін, узяў тытул WBO Asia Pacific. Але потым тая прамоўтарская кампанія спыніла існаванне. Гэта было больш за 10 гадоў таму.

Сяргей Хаміцкі працягваў шукаць сябе ў спорце. Калі не было баёў па боксе, выступаў па правілах кікбоксінгу і муай-тай.

Цікава, што баец паспеў сустрэцца з Ямхотам — самым папулярным тайскім прафесіяналам пачатку 2000-х. А таксама з чэмпіёнам свету па муай-тай беларусам Юрасём Булатам. Вярнуўшыся ў бокс, Хаміцкі таксама змагаўся з самымі топавымі і зорнымі байцамі. Меў як гучныя перамогі, так і паразы. Але, як адзначаюць у баксёрскім свеце, узровень Хаміцкага год ад года толькі паляпшаўся.

— У мяне былі перапынкі, я неаднойчы спрабаваў скончыць з боксам і займацца «сур’ёзнымі справамі». Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Спрабаваў знайсці сабе занятак у гэтай сферы, але не спадабалася, — прызнаецца баец. — Падаваўся і ў менеджары. Але не склалася. Нарэшце я асэнсаваў, што ўсё маё тут, у боксе. Чаму б гэта не развіваць, не паляпшаць узровень? І вось калі ў галаве настаў мір — прыйшоў вынік.

Сваім выдатным шанцам Сяргей Хаміцкі скарыстаўся сёлета ў красавіку. Яму прапанавалі двубой за тытул чэмпіёна Еўропы WBO з Фрэнкам Буліёні.

Натуральна, на тэрыторыі саперніка. Мяркуючы па ўсім, беларуса разглядалі ў якасці зручнага апанента: і двубой прыгожы пакажа, і пабіць англійскага «праспекта» не зможа. Аднак Сяргей узяў ініцыятыву ў свае рукі і цяжка накаўтаваў Бугліёні ў шостым раўндзе.

Двубой з зорным Робертам Штыгліцам адбудзецца ў Дасау 26 ліпеня. Пераможца гэтага супрацьстаяння атрымае магчымасць пазмагацца за пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў у суперсярэдняй вазе (76,2 кг). 

Сяргей Хаміцкі — гэта той баец, які з гадамі ператвараецца ў яшчэ больш небяспечную зброю. Хоць яшчэ з савецкіх часоў спартоўцаў у нас спісвалі з рахункаў ужо пасля 30.

— Але развіваецца спартыўная медыцына, з’явіліся новыя методыкі трэніровак. Навука таксама паспяхова працуе на спорт. Прафесійныя спартоўцы зарабляюць грошы і не жадаюць сыходзіць, страчваць даход. Таму ў вярхах баксёрскіх рэйтынгаў вы пабачыце байцоў, якім 35-40 гадоў. А я таксама адчуваю, што магу развівацца ў боксе далей. Галоўнае, каб не падвяло здароўе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?