Першы ў Беларусі гандлёвы цэнтр стокавага гандлю адкрыецца ў пачатку 2015 года. Аб гэтым паведамілі ў групе кампаній «Твая сталіца», спецыялісты якой з'яўляюцца распрацоўшчыкамі інавацыйнай канцэпцыі цэнтра. 

Цэнтр пастаяннага распродажу Leto з'явіцца ў Мінску. Сутнасць ідэі ў тым, што на плошчы 15 тыс.кв.м будуць прадстаўлены магазіны стокавага гандлю, дысконтныя магазіны, а таксама магазіны, гандлёвая палітыка якіх прадугледжвае пастаянныя распродажы. Таксама ў склад цэнтра ўвойдуць буйны супермаркет і кафэ поўнага цыкла на 170 пасадачных месц. Такое спалучэнне аператараў дасць магчымасць прыцягнуць не толькі мінчукоў, але і жыхароў з усёй Беларусі, лічаць у групе кампаній. 

Паводле слоў спецыялістаў «Тваёй сталіцы», у еўрапейскіх краінах, а таксама ў Маскве даволі папулярны так званыя аўтлеты — гандлёвыя цэнтры, у якіх прадаюцца мінулагоднія калекцыі вядомых брэндаў са значнымі скідкамі. «Стварыць у Беларусі аўтлет у прывычным для еўрапейцаў разуменні пакуль немагчыма з-за малой колькасці прадстаўленых на рынку міжнародных брэндаў. Аднак попыт з боку беларускага насельніцтва на пакупкі са скідкамі, безумоўна, ёсць, многія да гэтага часу ездзяць за таварамі за мяжу», — адзначылі ў кампаніі. 

Гандлёвы цэнтр Leto будуецца на праспекце Жукава на месцы былога таксапарку. «Найбольш зручна будзе дабірацца жыхарам мікрараёнаў Курасоўшчына, Паўднёвы Захад, Міхалова і Грушаўка, а таксама жыхарам населеных пунктаў, размешчаных уздоўж чыгункі ў напрамку Брэста, паколькі побач з гандлёвым цэнтрам знаходзіцца прыпыначны пункт прыгарадных электрапаяздоў «Сталічны», — паведамілі распрацоўшчыкі канцэпцыі. 

Забудоўшчыкам цэнтра выступае вытворча-гандлёвае ААТ «БелГАЗаўтасэрвіс». У рэалізацыю праекта плануецца інвесціраваць больш як $40 млн. Агульная плошча аб'екта — 23,7 тыс.кв.м, яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны на снежань 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?