Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей лічыць важным прыцягваць трэція краіны, у першую чаргу Расію, да дзейнасці Усходняга партнёрства (УП) з мэтай недапушчэння з'яўлення новых раздзяляльных ліній у рэгіёне.

Пра гэта ён заявіў 22 ліпеня падчас сустрэчы ў Бруселі міністраў краін — удзельніц Усходняга партнёрства і Еўрасаюза. 

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Штэфан Фюлекіраўнікі МЗС краін Еўрасаюза.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, Макей таксама адзначыў важнасць гарманізацыі розных інтэграцыйных працэсаў. 

У сваім выступленні на пленарным пасяджэнні Макей выказаў «прынцыповыя падыходы Рэспублікі Беларусь да развіцця адносін з Еўрасаюзам і ўдзелу краіны ва Усходнім партнёрстве».

Ён падкрэсліў неабходнасць большай дыферэнцыяцыі ва ўзаемадзеянні ЕС з краінамі — партнёрамі УП з улікам іх «патрэбнасцяў, інтарэсаў і інтэграцыйных імкненняў». 

«У цэнтры ўвагі міністэрскай сустрэчы УП былі пытанні рэалізацыі ініцыятывы пасля Вільнюскага саміта 2013 года, а таксама перспектывы яе далейшага развіцця і магчымага перафарматавання ў кантэксце бягучай сітуацыі ў рэгіёне і падпісання Грузіяй, Малдовай і Украінай пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС», — адзначаецца ў паведамленні. 

Акрамя таго, разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да чацвёртага саміта УП, які адбудзецца 22 мая 2015 года ў Рызе (Латвія). 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?