У Беларусі ў гандлі будзе ўведзены абавязковы асартыментны пералік, паведаміў 23 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр гандлю Валянцін Чаканаў. 

«Асартыментны пералік з'яўляецца мінімальным, каб вы змаглі прыйсці ў магазін і, умоўна, знайшлі малако, хлеб, капусту, каўбасу, мяса і г. д. Ён зыходзіць з таго, што выпускаецца нашымі вытворцамі, плюс крытычны імпарт, які прывозіцца ў Беларусь (кава, цытрусавыя і інш.). Загадчык магазіна, кіраўнік гандлёвай сеткі абавязаны мець гэтыя тавары ў магазіне. Усё астатняе, што прывозяць у Беларусь з-за мяжы, не забароненае і яно можа быць у любой колькасці у магазіне», — сказаў міністр. 

Згодна з яго словамі, меркаванне і патрабаванне Мінгандлю — беларускі тавар павінен мець прыярытэтныя месцы. «Нарматыўна-прававога акта па абмежаванні долі імпарту ў гандлі не існуе. Мы падрыхтавалі адзін дакумент, які разглядаецца ва ўрадзе. Там сказалі, што ў гандлі павінна быць не менш як 72% айчыннага тавару, каб не падаў гэты працэнт. Але гэты дакумент яшчэ не прыняты», — сказаў Чаканаў.

Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2014 года доля тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце склала 70,4%, што на 1,1% больш, чым у першым квартале. «Гэта вышэй, чым у суседніх краінах. Мы сёлета і асабліва падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску паказалі, што можам прадаваць не толькі 70% айчыннага тавару, але і больш. Я думаю, што гэтую лінію Мінгандлю будзе праводзіць, і яна нязменная», — падкрэсліў кіраўнік міністэрства. 

Чаканаў таксама паведаміў, што праводзіцца праца па імпартазамяшчэнні. За апошнія пяць гадоў наладжаная вытворчасць 280 відаў імпартазамяшчальных тавараў. Сёлета Мінгандлю прапанаваў 306 відаў, з іх 63 былі прынятыя прамысловасцю, а 59 ужо знаходзяцца на паліца магазінаў. «Вельмі важна актыўна працаваць з гандлёвымі сеткамі, гандлем па прасоўванні айчыннага тавару. Я лічу, што неабходна сеткавым кампаніям пачынаць дыялог з нашымі вытворцамі, з нашай прамысловасцю. Усё, што выпушчанае на тэрыторыі Беларусі, усё, што выйшла з заводскіх цэхаў, павінна быць на паліцах магазінаў. Пакупнік няхай сам выбірае, што купляць. Але я ўпэўнены, што большасць тавараў айчыннай вытворчасці не горшыя па якасці за імпартныя. У шэрагу выпадкаў гэты тавар таннейшы, і нам трэба яго прасоўваць. Мы часам забываем, што гэты тавар выпускаюць нашы сваякі, суседзі. У нас яшчэ ёсць у менталітэце, што імпартнае лепшае. Гэта далёка не так», — лічыць міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?