Напярэдадні Каляд і Новага году польскія гіпермаркеты сусветна вядомай сеткі TESCO упершыню распачалі рэкламную акцыю на беларускай мове.

Адмыслова дзеля беларусаў у гіпермаркетах TESCO распаўсюджваюцца рэкламныя праспекты «Для Цябе, для Сям’і», у якіх пакупнікам нагадваецца, што хутка свята Святога Мікалая, таму гасцей з Беларусі чакаюць добрыя зніжкі на вэнджаныя шпроткі ў алеі, каркавіну свіную без касцей, усе навагоднія цацкі, CD і DVD, экалагічныя торбы на ўсё жыццё, ялавічыну для смажанкі, пыласосы і іншыя тавары.

На просьбу Рацыі прадстаўнікі гродзенскага руху «За Свабоду» пацікавіліся ў супрацоўнікаў TESCO наконт эфекту ад рэкламы па‑беларуску.

«Так, рэкламны праспект на беларускай мове прыйшоўся даспадобы нашым наведвальнікам з Беларусі. Амаль кожны з іх з задавальненнем карыстаецца буклетам пры выбары падарункаў сабе і сваім сем’ям да свята», — сказала прадавачка TESCO ў Сакулцы Малгажата Новак.

Зазначым, што раней польскія гіпермаркеты калі і рабілі адмысловыя праспекты для пакупнікоў з Усходу, то толькі на расійскай мове.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0