Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 365 ад 21 ліпеня дазволіў аддаць кампаніі «Тапас» кавалак зямлі побач з заказнікам «Лябяжы» пад пабудову шматфункцыянальнага комплексу.
«Ажыццявіць ў 2014—2019 гадах рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў межах прасп. Пераможцаў — вуліца Браслаўская — Ціміразева ў Мінску», сказана ў дакуменце.
Згодна з указам, забудоўшчыкам гэтага мікрараёна Мінска выступіць кампанія «Тапас».
У кампаніі растлумачылі, што праектам прапануецца будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ўздоўж вул. Браслаўская ад пр. Пераможцаў да мяжы, якая знаходзіцца ў пастаянным карыстанні «Гандлёвага дома «Ждановічы», «з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі — часткі ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны (прагулачны парк) і пешаходнай зоны ўздоўж пр. Пераможцаў паміж праезнай часткай і сажалкай Лебядзіны».
У склад гэтага комплексу, які, па папярэдняй інфармацыі, можа называцца «Алімпік Парк», будуць уваходзіць фізкультурна-спартыўны комплекс, група шматкватэрных і блакаваных жылых дамоў, у тым ліку павышанай камфортнасці, аб'екты гандлю, адміністрацыйна-гандлёва-забаўляльны цэнтр, iншыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры.
У «Тапас» патлумачылі, што мэтай рэалізацыі дадзенага праекта акрамя будаўніцтва жылой нерухомасці з'яўляецца «акультурванне тэрыторыі як самога біялагічнага заказніка «Лебядзіны», так і каля заказніка», «удасканаленне і развіццё сацыяльнай інфраструктуры раёна», у прыватнасці, «будаўніцтва сучаснага фізкультурна-спартыўнага комплексу».
Забудоўшчык мае шэраг падатковых, мытных і адміністрацыйных прэферэнцый.
Згодна з указам, будаўніцтва комплексу ажыццяўляецца «за кошт уласных і (або) прыцягнутых сродкаў заказчыка ТАА «Тапас». У кампаніі не сталі раскрываць аб'ём інвестыцый пад гэты праект.
Варта адзначыць, што цяпер «Тапас» праз дарогу ад выдзеленага ўчастка будуе жылы комплекс «Браслаўскі». У кампаніі падкрэслілі, што «гэта два аўтаномныя праекты, якія не маюць дачынення адзін да аднаго».
Многія звязваюць сакрэт поспеху «Тапас» з Аляксандрам Белым і яго сынам Паўлам. Белы-малодшы гуляе ў зборнай прэзідэнта Беларусі па хакеі ў адным звяне з Аляксандрам Лукашэнкам і з'яўляецца адным з лепшых бамбардзіраў каманды. За апошні час «Тапас» выбіўся ў буйныя забудоўшчыкі Мінска.