Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас візіту ў Мінск 24-25 ліпеня сустрэнецца са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем, прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

«Адбудуцца перамовы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Беларусі і Літвы. Літоўскі міністр замежных спраў таксама будзе прыняты ва ўрадзе Беларусі», — сказаў на брыфінгу 24 ліпеня ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Лінкявічус сустрэнецца, у прыватнасці, з Міхаілам Мясніковічам, паведамляе МЗС Літвы.

Па словах Мірончыка,

на парадку дня перамовы «па шырокім спектры пытанняў беларуска-літоўскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне Беларусі і Еўрапейскага саюза».

Прэс-сакратар МЗС удакладніў, што візіт Лінаса Лінкявічуса з'яўляецца візітам у адказ — Уладзімір Макей наведваў Вільню 28 лютага—1 сакавіка гэтага года па запрашэнні літоўскага калегі.

Як раней паведамляў БелаПАН,

падчас візіту кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Літвы таксама плануе сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і сваякамі палітвязняў.

У 2012 годзе Лінкявічус на працягу чатырох месяцаў (з 24 ліпеня па 28 лістапада) працаваў амбасадарам Літвы ў Беларусі, а затым быў адкліканы з гэтай пасады ў сувязі з прызначэннем на пасаду міністра замежных спраў Літвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?