Дзяржаўтаiнспекцыя сталiчнай вобласцi прапануе яшчэ адзiн эфектыўны спосаб папярэджвання дарожна‑транспартных здарэнняў у цёмны час сутак.

Як паведамiла старшы iнспектар упраўлення ДАI УУС Мiнаблвыканкама Анжэлiка Выджак, «даiшнiкi» сталiчнай вобласцi зацiкавiлiся замежным перадавым вопытам. У прыватнасцi, увагу нашых мiлiцыянераў прыцягнуў спецыяльны празрысты святлоадбiвальны лак французскай вытворчасцi, якi забяспечвае бачнасць пазначаных прадметаў у цёмны час сутак. Беларускiя «даiшнiкi» правялi эксперымент. Спачатку нанеслi лак на аўтатрактарную тэхнiку, веласiпеды i гужавы павозкi, шлагбаўмы i бетонныя агароджы. Ужо праз 5 хвiлiн (роўна столькi часу высыхае лак) гэтыя транспартныя сродкi i аб’екты свяцiлiся ў цемры i былi бачны на даволi вялiкай адлегласцi.

Потым, вырашылi «праэксперыментаваць» на жывых людзях. Дакладней, памянёным лакам нанеслi адмысловыя знакi на верхняе адзенне i абутак. Адметна, што гэтае рэчыва не псуе апрацаваную паверхню i пры дзённым святле амаль нябачнае. Затое ў цемры чалавек з «лакiраваным» абуткам цi вопраткай свецiцца як навагодняя ёлка, а значыць можа адчуваць сябе больш бяспечна на дарозе.

Такiм чынам на думку «даiшнiкаў» Мiнскай вобласцi, эксперымент прайшоў паспяхова. I зараз вырашаецца пытанне аб набыццi памянёнага лаку для мiлiцэйскiх падраздзяленняў, якiя нясуць службу ў цёмны час сутак. ДАI спадзяецца, што i кiраўнiкi цывiльных арганiзацый i ўстаноў, якiя клапоцяцца аб бяспецы сваiх падначаленых, таксама зацiкавяцца блiскучай альтэрнатывай флiкеру.

Мiкола Дзябёла, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0