Пісьменнік Саша Філіпенка прызвычаіўся да таго, што ў Расеі ніхто ні ў чым не сумняваецца, але ўсё ж лічыць, што гэты «вірус праўдзівасці» небяспечны.

Я пераехаў у Расію дзесяць гадоў таму. У той год мая бабуля сказала, што любы адукаваны малады чалавек проста абавязаны пажыць у Санкт-Пецярбургу. Я мог адправіцца на навучанне ў выдатную Прагу, абраць Варшаву або цудоўны Кракаў, але я чамусьці паслухаў яе.

Стаяў кастрычнік, ішоў мокры снег. У першы ж дзень мяне ледзь двойчы не збілі на пешаходным пераходзе. Я бачыў спрэчку з ужываннем халоднай зброі і бабулю, якая пыталася ў кіроўцы аўтобуса, як згуляў «Зеніт». Я бачыў зграю бяздомных сабак у цэнтры горада і сотні будынкаў, якія знаходзіліся ў такім сумным стане, што павінны былі вось-вось абрынуцца і ператварыцца ў пыл.

У інтэрнаце мяне пасялілі з двума японцамі, і пасля тыдня міжнароднага сужыцельства я ледзь было не апраўдаў выбухі ў Хірасіме і Нагасакі, але, на шчасце, не зрабіў гэтага, таму што своечасова арандаваў кватэру. Мая першая кватэра на Сянной плошчы была… зрэшты, хочацца верыць, што пасля трох гадоў у псіхааналітыка я здолеў выцесніць успаміны пра яе. Увогуле, як вы ўжо здагадаліся, мой пераезд у Расію быў поўны ўзрушэнняў, але галоўнае з іх, як я цяпер разумею, чакала мяне ў сферы мовы.

Да перасялення ў самую вялікую краіну свету, падчас навучання ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, выкладчыкі вучылі мяне аднаму вельмі простаму правілу: любое выказванне трэба пачынаць са слова «верагодна». «Верагодна, тое і тое, верагодна, так і так». Мы ніколі нічога не ведаем. Мы далёкія ад ісціны. Мы можам толькі меркаваць. Падчас дэбатаў мы толькі выказваем свой пункт гледжання, і ён, цалкам магчыма, няправільны. «Верагодна, — настойвалі мае настаўнікі, — застаецца адзіна дапушчальным портам адпраўлення любой думкі». Усё, што мы можам, — вагацца і задаваць пытанні. Я сумняваюся — значыць, я існую. Прызнацца, я да гэтага часу застаюся прыхільнікам гэтага абсалютнага і штосекунднага сумневу.

Дык вось, калі я перабраўся ў Расію, то адразу сутыкнуўся са зваротам «на самай справе». Амаль усе тут пачыналі фразу з гэтага словазлучэння.

«На самай справе ў Еўропе — усё геі», «на самай справе суддзі ненавідзяць нашу футбольную зборную», «на самай справе Кіркораў — гей», «не, ён не гей, на самай справе гей той, што бландзін», «на самай справе мы Богам абраны народ». Калі вы не верыце маім назіранням — правядзіце ўласны эксперымент: на працягу тыдня паслухайце сваіх калегаў, сяброў, сваякоў. Прыслухайцеся, у рэшце рэшт, да сябе. Магу меркаваць, што гэтыя самыя «на самай справе» вы пачуеце значна часцей, чым вам цяпер здаецца.

З часам я прызвычаіўся да таго, што амаль ніхто тут ні ў чым не сумняваецца. Здаецца, аднойчы я ледзь не падчапіў гэты «вірус праўдзівасці», зрэшты, зусім хутка вылечыўся ад яго. Я думаю, што ў гэтым «на самай справе» і крыецца вялікая колькасць праблем расійскага грамадства. Мне здаецца (я, вядома, магу памыляцца), што лепш бы дзяцей у школе вучылі сумненням, а не ўпэўненасці, мне здаецца, што было б добра, калі б маладое пакаленне знаёмілі са словам «верагодна», а не з тым, што «скіфы мы», а вакол ворагі. Зрэшты, зрабіць гэта будзе даволі складана.

У Расеі чалавек не вучыцца — у Расіі чалавек атрымлівае веды. Веды ў Расеі не набываюцца, але перадаюцца. Колькі вашых сяброў навучаецца ва ўніверсітэце дыстанцыйна? Вы наогул што-небудзь чулі пра дыстанцыйную адукацыю? Які працэнт вашых знаёмых атрымлівае веды самастойна? За выключэннем некалькіх універсітэтаў (з якімі дзяржава спраўна змагаецца), расійская сістэма вышэйшай адукацыі па-ранейшаму аддае перавагу не самастойнай працы, а перадачы ведаў. Цьютараты, семінары — усё гэта пустое! Нашто? Навошта? У самай вялікай краіне свету па-ранейшаму любяць урачыстыя паточныя лекцыі. Падчас гэтых мерапрыемстваў ад вас не патрабуецца ўдзелу, ад вас патрабуюцца толькі пакорлівасць і прыняцце. Пачулі, запісалі, вывучылі, здалі. Не трэба пытацца — неабходна хоць нешта запомніць. Як вынік: мы атрымліваем вялізную колькасць людзей, якія пачынаюць фразу са звароту «на самай справе». Чаму? Бо яны прывыклі да таго, што ім перадаюць умоўна «вывераныя» веды. «На самай справе я ведаю адказ!» — «Чаму?» — «Таму што я нешта недзе пра гэта чуў, мне нехта нешта казаў, ці ў школе, ці ў кіно!»

З апанентам з Расіі, зусім не важна, ліберал ён ці чалавек, які называе лібералаў «ліберастамі», як правіла, вельмі складана вытрымаць дыскусію. У Расіі проста няма культуры сумневу. Большасць людзей, з якімі я абмяркоўваў гэтую тэму, шчыра мяркуюць, што сутнасць спрэчкі зводзіцца да таго, каб пераканаць «суперніка», але зусім не да таго, каб хаця б на крок наблізіцца да праўды (калі гэта наогул магчыма). Праграмы на айчынным тэлебачанні, здаецца, добрае таму пацвярджэнне. Тут галоўнае не пачуць апанента, але перакрычаць яго. Мясцовыя вядучыя ніколі і ні ў чым не сумняюцца, мясцовыя дэпутаты ведаюць адказы на ўсе пытанні, Міністэрства замежных спраў, як мне здаецца, наогул інфармаванае аб ўсёй гісторыі чалавецтва аж да яго апошняга дня. Незразумела толькі: чаму пры такім татальным узроўні дасведчанасці ў Расіі да гэтага часу не адказалі на пытанне аб яйку і курыцы? Прэзідэнт Расіі і зусім не лічыць патрэбным апускацца да ўзроўню «верагодна». Калі хто-небудзь з вас успомніць, калі першая асоба краіны апошні раз удзельнічала ў дэбатах, — з мяне цукерка. У 2014 годзе прэзідэнт РФ, здаецца, з'яўляецца галоўным правадніком звароту «на самай справе». Думаю, пра значэнне слова «верагодна» ў будынку за вялікай чырвонай сцяной аддаюць перавагу не ўспамінаць. Зрэшты, я першы праціўнік абагульненняў. Усё вышэйсказанае: адчуванне, назіранне і здагадка.

Думаецца, прапагандысцкая машына ў Расіі так слаўна працуе толькі таму, што ніхто ні ў чым не сумняваецца. Тэлегледачы не знаходзяць часу ставіць пад сумнеў тое, што ім паказваюць федэральныя каналы. Работнікі федэральных каналаў не сумняваюцца, што за зробленае ім нічога не будзе. Больш за тое, яны ўпэўненыя, што «на самай справе» перадаюць ісціну. Верагодна, і першым, і другім бракуе фантазіі. Для таго каб засумнявацца раптам, неабходна прапанаваць самому сабе хоць бы адзін альтэрнатыўны варыянт. Для таго каб прапанаваць хаця б адзін альтэрнатыўны варыянт, неабходна паднапружыцца. Узнікае пытанне: навошта? Навошта сумнявацца, калі «на самай справе» ўсё і так зразумела. Калі «на самай справе» ёсць людзі, якія ўжо ўсё зрабілі і вырашылі за цябе. Навошта вагацца, калі «на самай справе» нічога не змяніць, калі «на самай справе», «на самай справе», «на самай справе»…

Здаецца, усеагульная ўпэўненасць ва ўласным меркаванні тлумачыцца яшчэ і тым, што сумненне ў Расіі памылкова прымаюць за слабасць. Калі ты не можаш перакрычаць апанента — значыць, ты не маеш рацыі. Калі ты не ўпэўнены ва ўласным меркаванні — значыць, маю рацыю я. Сумнявацца — азначае дапусціць магчымасць паразы, а дапусціць паражэнне ні ў якім разе нельга!

Увогуле, на самай справе гэтая калонка пра тое, што мы развучыліся слухаць адзін аднаго. Мы развучыліся прымаць чужы пункт гледжання. Мы развучыліся, калі наогул калісьці ўмелі, сумнявацца ва ўласных думках. Нам падабаецца тое, што мы гаворым. Нам падабаецца адчуваць сваю правату. Нам падабаецца падманвацца, быццам мы ведаем, як ёсць «на самай справе», і калі так будзе працягвацца і далей, нічога добрага чакаць не трэба. Зрэшты, я, хутчэй за ўсё, памыляюся.

* * *

Саша (Аляксандр) Філіпенка

пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся ў Мінску. Працуе ў Расіі. Аўтар нашумелага рамана «Былы сын» пра Беларусь часоў кіравання Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?