Кажуць, што геніі нараджаюцца ў правінцыі, а паміраюць у Парыжы. Тое ж мы бачым, і ў Беларусі: большасць дзеячоў айчыннай культуры, якія жывуць у сталіцы, нарадзіліся ў невялікіх гарадах і вёсках. Напрыканцы 1990-х нарадзілася ідэя: сабраць пра іх звесткі.

Але ісці не ад асобы пісьменніка, а ад зямлі, якая яго нарадзіла або натхняла. Так паўстала ідэя даведніка «Літаратурныя мясціны Беларусі».

Прынцып размяшчэння матэрыялу наступны: спачатку звесткі пра абласны горад (прычым бярэцца пад увагу кожная вуліца), потым раённы цэнтр, сельсавет, вёска.

Якія факты можна знайсці ў такім выданні? Адкрыем старонкі, прысвечаныя гораду Століну. Напрыклад,

у часы Заходняй Беларусі ў мясцовай леснічоўцы жыў кіраўнік англійскай ваеннай місіі ў Польшчы Адрыян Картон дэ Уярт, які апісаў палескія ўражанні ў кнізе «Шчаслівы Адысей».

Або ў тым жа Століне на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў жыў паповіч Тэадор Вішнеўскі, які меў у сваёй бібліятэцы «Кнігу царстваў», пражскае выданне Скарыны. Такія звесткі будуць цікавыя і пісьменнікам, і краязнаўцам, і патэнцыйным турыстам.

Планавалася, што даведнік будзе складацца з трох кніг. У першай мусіла ўвайсці інфармацыя пра Брэсцкую, Віцебскую і Гомельскую вобласці. У другую — Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую. У трэцюю — пра горад Мінск, а таксама мясціны за мяжой.

Але ў 2000 годзе паспела выйсці толькі першая кніга, якую склалі Лідзія Кулажанка, Адам Мальдзіс і Святлана Сачанка.

Наступную давялося чакаць чатырнаццаць гадоў. Цяпер справа зварушылася з месца.

На сайце часопіса «Маладосць» у адкрыты доступ выкладзены матэрыялы, сабраныя Дзмітрыем Крывашэем і Адамам Мальдзісам. Тэкст ахоплівае звесткі з трох абласцей: Віцебскай (у параўнанні з версіяй 2000 года яе тэкст значна пашыраны), Гродзенскай і Мінскай.

Істотна, што рукапіс не з’яўляецца канчатковым.

У раздзеле ёсць акенца для адпраўкі электроннага паведамлення. У ім кожны з чытачоў можа дапоўніць інфармацыю або выправіць недакладнасці.

Прычым, варта паспяшацца: кніга, прысвечаная Мінскай вобласці, ужо рыхтуецца да друку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0