Ад сёння, 24 ліпеня, і да канца жніўня ў сталічнай арт-прасторы «ЦЭХ» можна пабачыць выставу «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах».

Першая геаграфічная мапа ўласна ВКЛ, створаная ў 1595 годзе знакамітым фламандскім картографам і географам Герардам Меркатарам

Першая геаграфічная мапа ўласна ВКЛ, створаная ў 1595 годзе знакамітым фламандскім картографам і географам Герардам Меркатарам

Эбстарфская мапа свету 1290 года, цэнтр свету паводле яе знаходзіцца ў Іерусаліме (пуп зямлі), дзе змешчаная выява ўваскрэсення Хрыста.

Эбстарфская мапа свету 1290 года, цэнтр свету паводле яе знаходзіцца ў Іерусаліме (пуп зямлі), дзе змешчаная выява ўваскрэсення Хрыста.

Мапы заўсёды выконвалі своеасаблівую ролю парталаў, якія дазваляюць вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах. У старажытнасці свет для картографаў яшчэ не вымяраўся па міліметрах пры дапамозе спадарожнікаў, і таму на мапах можна пабачыць не столькі межы краін ды кантынентаў, колькі ўнікальны мастацкі падыход. Таму сама выстава арыентаваная і на розум, і на густ гледача, каб ён атрымаў не толькі інфармацыю, але і эстэтычную асалоду.

Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва «Эканомпрэс», крэатыўная прастора ЦЭХ прапануюць сёння зірнуць на геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра межы Беларусі.

Акрамя самой выставы арганізатары ладзяць і тэматычныя дыскусіі:

1 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам «пошуку сябе»?

13 жніўня, 18.00 – дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?

Акрамя таго, кожны мае ўнікальную магчымасць замовіць копію любой мапы з выставы, каб упрыгожыць інтэр'ер ці зрабіць незвычайны падарунак. Кошт такой пакупкі залежыць ад памеру, паперы і наяўнасці ці адсутнасці рамы. За падрабязнасцямі звяртайцеся да адміністрацыі ЦЭХа.

Усе мерапрыемствы будуць праводзіцца на пляцоўках крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (па адрасе пр. Незалежнасці 58 / к.6), сама ж выстава працягнецца да канца жніўня. Наведванне выставы бясплатнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?