Выканаўчы дырэктар нямецкага канцэрна Руперт Штадлер заявіў: яго кампанія адмаўляецца ад гонкі з BMW і Tesla па распрацоўцы мадэляў з электрычнымі сілавымі ўстаноўкамі.

Прычына банальная: малая колькасць праданых электрамабіляў. А калі так, трэба вырабляць тое, што купяць, і ўсё роўна, што экалогія ад гэтага не ў захапленні. Добра яшчэ, што ў Audi выбралі не самы горшы кірунак — гібрыды.

«Падчас апытанняў кліентаў Tesla высвятлілася: калі б у Audi Q7 была гібрыдная мадыфікацыя, яны б спыніліся на ёй, — цытуе словы Штадлера выданне What Car?. — Мы ўпэўненыя, што абралі правільны шлях: электракары прастойваюць у шоу-румах, што ніяк не паляпшае навакольнае асяроддзе. Мы хочам рабіць аўтамабілі, якія будуць прадавацца».

Не абыйшлося і без шпількі ў адрас BMW. Па словах Штадлер, экалагічныя мадэлі i3 і i8 нельга назваць дасягненнем, бо для іх зборкі прыйшлося ўзводзіць асобны канвеер. Затое Audi гатова пабудаваць гібрыды на базе ўжо існуючых мадэляў, што дасць магчымасць наладзіць іх вытворчасць на існуючых заводах.

Прыхільнікам чатырох кольцаў Штадлер паабяцаў хуткае з'яўленне гібрыдных мадыфікацый ва ўседарожніка Q7, седана A8 і падоўжанай версіі A6.

Аглядаючы аўтапарк нашай краіны, даводзіцца з сумам прызнаць: нават пры часовай адмене ўвазных мытных пошлін на электрамабілі, на дарогах па-ранейшаму машыны, якія прыводзяцца ў рух рухавіком унутранага згарання. Перспектыў няма: інфраструктура з «хуткімі» зараднымі станцыямі для электрамабіляў не развіваецца. Логіка інвестараў зразумелая: калі няма электрамабіляў, навошта ўкладваць грошы ў станцыі? Спажыўцы падтакваюць: аўтамабіль, які пасля ночы «павольнай» зарадкі здольны праехаць не больш за 150 км, ім не патрэбны. Альтэрнатыва ў выглядзе аўтамабіляў на сонечных батарэях, гатовых ад бясплатнай зарадкі праехаць тры гадзіны, сур'ёзна пакуль не разглядаецца. А шкада: сабраць такі цуд са старых машын атрымалася нават нашаму суайчынніку. Праўда, для гэтага прыйшлося з'ехаць на Кіпр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?