Магілёўская ратуша

Ратушу зруйнавалі саветы ў 1957 годзе. Зараз сымбаль гарадзкой вольнасьці і эўрапейскай прыналежнасьці гораду на Дняпры будзе адноўлены. За цырымоніяй з удзелам А. Лукашэнкі назіраў адзін з чытачоў нашага сайту. Ён даслаў нам свой рэпартаж пра гэта.

Тое, чаго так упарта дамагалася магілёўская апазыцыя ад самага пачатку незалежнасьці нашай краіны, нарэшце адбылося. Пачатак аднаўленьня ратушы сёньня ўрачыста адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

Спачатку было яе барбарскае зьнішчэньне ў 1957‑м. Потым, ад пачатку 1990‑х, аднаўленьне ратушы стала адным з асноўных патрабаваньняў мясцовых прадстаўнікоў апазыцыі БНФ да гарадзкіх уладаў. Намер адбудаваць ратушу быў афіцыйна агучаны магілёўскай адміністрацыяй у 2005‑ым («НН» пісала пра гэта), аднак справа замарудзілася праз адначасовае будаўніцтва ў горадзе віядуку над былой Віленскай вуліцай. Ці быў гэты намер вынікам актыўнасьці мясцовых грамадзкіх актывістаў (зборы подпісаў за аднаўленьне ратушы спарадычна вяліся ў горадзе аж да мінулага году) сказаць цяжка. У любым выпадку, важна, што вось ужо некалькі тыдняў на месцы старой ратушы растуць чырвоныя сьцены. Першы паверх ужо быў завершаны, калі дайшла чарга да… ўрачыстага закладаньня капсулы з пасланьнем нашчадкам у падмурак.

Пятніца, 23 лістапада. А палове адзінаццатай натоўпікі студэнтаў паволі падпаўзаюць да месца мерапрыемства. Марознае, вільготнае паветра. Галалёд. Групам студэнтаў, прыведзеных сюды выкладчыкамі, раздаюць — не, не гарачую гарбату — сьцяжкі. Адным дзяржаўныя, другім гарадзкія. Адначасова на другім канцы плошчы блякуюць пару дзясяткаў машын з шарыкамі — вясельныя картэжы. Ім прыйдзецца тут адстаяць да канца. А калі канец? І калі пачатак? Гэта сакрэтная інфармацыя — адгукаюцца на любыя пытаньні на гэты кшталт людзі з ачапленьня. Праз гадзіну нарэшце праходзіць пагалоска па натоўпе — чакаць яшчэ гадзіну. Бліжэй да дванаццатай паяўляюцца «хуткія дапамогі» — дзьве студэнткі згубілі прытомнасьць. Астатнія стаяць. Вясельныя картэжы таксама стаяць. Час ад часу бібікаюць.

12.20. Натоўп ажыўляецца — бачныя першыя машыны картэжу. І хутка ўжо з чорнага «мерсэдэсу» выходзіць кіраўнік дзяржавы, з усьмешкай ківаючы ў абодва бакі натоўпу. І цішыня. Аўтару гэтых радкоў давялося стаяць у такой жа ўрачыстай вітальнай грамадзе годзе ў 95‑ым. Калі кіраўнік дзяржавы выйшаў са сваёй машыны тады, натоўп узарваўся крыкамі.

«А чаму па‑руску? — чуецца сьмяшок у натоўпе — Пашкадавалі б нашчадкаў, можа яны рускую разумець ня будуць.»

Традыцыйная дзяўчынка з кветкамі, поціск рук нейкім людзям, падобным на ганаровых будаўнікоў, і прэзыдэнт зьнікае ў натоўпе. Што там адбываецца далей, можна зразумець па ледзь чутным мармытаньні з дынамікаў, ну альбо з «Панарамы». Тэкст капсулы нашчадкам зачытвае дыктар — «Дорогие потомки…» «А чаму па‑расейску? — чуецца сьмяшок у натоўпе — Пашкадавалі б нашчадкаў, можа яны расейскую разумець ня будуць».

Мерапрыемства як бы скончылася, але па паводзінах прэзыдэнта бачна, што яму чагосьці бракуе. Нейкай упэўненасьці, што яго тут успрынялі адэкватна, напэўна — усё ж такі прыгнятае гэтая цішыня паўжывога з халадэчы натоўпу. А. Лукашэнка падыходзіць да першага лепшага студэнта, загаворвае зь ім. Адыходзіць.

«Хай бы ён да мяне падышоў — кажа студэнтка побач і азіраецца на свайго выкладчыка. — я б у яго пра льготы спытала. Можна, Аляксандар Пятровіч?» «Ага, я табе спытаю — сьмяецца чалавек у акулярах — І мяне з працы звольняць, і рэктара». Дзяўчына таксама сьмяецца.

Прыглядаючыся да твараў, прэзыдэнт тым часам абводзіць позіркам людзей. Выбірае кагосьці, падыходзіць зноў. Чорны «мерсэдэс» торгаецца за ім, спыняецца, потым ад’яжджае яшчэ далей, да канца натоўпу. Прэзыдэнт адрываецца ад ахвяры сваёй цікаўнасьці і пераходзіць дарогу — там у грамадзе ён выбраў сабе маладога хлопца з чырвона‑зялёным сьцяжком, каб пагаварыць. Цяпер размова доўгая, на некалькі хвілін. У маладзёна незадаволены твар, ён неяк рэзка жэстыкулюе.

«Пра што пытаўся?» — перапытваюць адно аднаго студэнты, разбрыдаючыся па дамох. «Ці ходзім мы ў тэатар». «Пра льготы сказаў». Спытаў‑такі хтосьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?