Ствараецца дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь». Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, адпаведны ўказ № 371 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 24 ліпеня. 

У рэестр бытавых паслуг Беларусі будуць уключацца: звесткі аб суб'ектах гаспадарання (юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках), якія аказваюць бытавыя паслугі, відах бытавых паслуг, формах бытавога абслугоўвання; звесткі аб аб'ектах бытавога абслугоўвання, у якіх аказваюцца бытавыя паслугі; зводныя звесткі аб стане бытавога абслугоўвання. 

Фарміраванне і вядзенне рэестра бытавых паслуг ускладаецца на Міністэрства гандлю. Фінансаванне работ па стварэнні і вядзенні рэестра будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на ўтрыманне названага міністэрства, а таксама іншых крыніц у адпаведнасці з заканадаўствам. 

Унясенне звестак у рэестр бытавых паслуг, а таксама аказанне электронных паслуг па прадстаўленні інфармацыі з яго будзе ажыццяўляцца на бязвыплатнай аснове. 

Указам прадугледжаны пераходны перыяд. Так, суб'екты гаспадарання, якія аказваюць бытавыя паслугі да 1 снежня 2014 года, могуць ажыццяўляць гэтую дзейнасць без уключэння ў рэестр бытавых паслуг да 1 чэрвеня 2015 года. Пры намеры надалей ажыццяўляць гэтую дзейнасць яны павінны да 1 чэрвеня 2015 года звярнуцца ў Міністэрства гандлю для ўключэння ў рэестр бытавых паслуг. 

«Гэты рэестр дазволіць спажыўцам бытавых паслуг атрымліваць поўную і дакладную інфармацыю аб суб'ектах, якія іх аказваюць, што паслужыць дадатковым механізмам абароны правоў спажыўцоў. Акрамя таго, інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў рэестры бытавых паслуг, будзе карысная і суб'ектам гаспадарання для ўстанаўлення надзейных партнёраў па камерцыйнай дзейнасці», — адзначыла прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?